В Шумилино прошли торжества, посвящённые Дню защитников Отечества и Вооружённых Сил Республики Беларусь

Актуалии Общество

Ацаніць і ўзважыць кошт міру
У гонар Дня абаронцаў Айчыны і 95-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь паўсюдна ў нашай краіне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы.
22 лютага. (Смотрите видео на главной странице в рубрике «Смотри и слушай»). На цэнтральнай плошчы Шуміліна іграе духавы аркестр. Гукі маршаў у выкананні аркестра настройваюць на асаблівы настрой, на ўрачыстасць. Твары людзей, якія ўслед за духавым аркестрам ідуць у калоне, прахожых, якія спыняюцца на тратуарах, робяцца сур’ёзнымі, асвятляюцца знутры. Кожны ўспамінае дзеда ці бацьку, брата ці сябра, якія абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай, ваявалі ў “гарачых кропках”, стаяць сёння на абароне рубяжоў Айчыны.
На брацкіх могілках – урачыстасці, якія адкрывае намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Ля помніка загінуўшым застыла ганаровая салдацкая варта, гарыць вечны агонь. Хвіліна маўчання. Гэтая хвіліна заўсёды даўжэй за звычайныя. Яна дае магчымасць ацаніць і ўзважыць кошт міру, кошт шчаслівай усмешкі хлопчыка, якому салдаты 103-й мабільнай брыгады г. Віцебска пасля салютных залпаў даюць памацаць яшчэ цёплы ствол аўтамата.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава ўскладваюць да падножжа помніка карзіну з кветкамі (на здымку). Кветкі, як даніну пашаны і ўдзячнасці, нясуць прадстаўнікі працоўных калектываў Шуміліна, жыхары горада.
Пасля мітынгу калона перамяшчаецца ў гарадскі Дом культуры. Арганізатары ўсаджваюць на першыя рады афіцэраў Узброеных Сіл Беларусі, якія выглядаюць імяніннікамі, заварожваюць жанчын выпраўкай, зоркамі на пагонах і медалямі на грудзях.
На сцэну паднімаецца малады статны ваенком падпалкоўнік Алег Чарняўскі. Ён расказвае пра слаўны шлях Узброеных Сіл Беларусі, пра гераізм воінаў Вялікай Айчыннай вайны, пра непахіснасць святынь і традыцый. Ваенны камісар перакананы, што абарона Радзімы ва ўсе часы была і застаецца святым абавязкам мужчыны, адзначае, што сыны Шуміліншчыны штогод папаўняюць рады Узброеных Сіл і годна нясуць службу, запэўнівае, што Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь – надзейны гарант чыстага неба і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.
З пачэснай місіяй на сцэну Дома культуры выходзіць кіраўнік раёна У. П. Куранны. Падзяку старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта ён уручае падпалкоўніку Мікалаю Жукаву, маёру Юрыю Бабічаву, капітану другога рангу Анатолю Бычкову, а таксама старшаму сяржанту Юрыю Сталярэнку, старшаму сяржанту Аляксандру Новіку, старшыні запасу Міхаілу Іванову.
95-гадовы юбілей Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – выдатная нагода, каб сказаць дзякуй усім маці, якія нараджаюць і выхоўваюць сапраўдных мужчын. Менавіта перад такой маці – Тамарай Мікалаеўнай Скуратавай – схіліўся ў паклоне ваенком Алег Чарняўскі (на здымку). Ён зачытвае пісьмо з 5-й асобай брыгады спецыяльнага назначэння, дзе служыць сын Тамары Мікалаеўны Аляксей, дзякуе маці за добрага сына.
Граматай раённага ваеннага камісарыята А. Г. Чарняўскі ўзнагароджвае старшага лейтэнанта запасу Сяргея Белагалова. (Такой жа ўзнагароды ўдастоены палкоўнік у запасе Ромас Юхневічус, які не змог прыехаць на свята).
Прыемную місію ўзнагароджвання працягвае старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” В. І. Жандараў. Грамату савета Віцебскай абласной арганізацыі ГА  “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Іванавіч уручае  палкоўніку Канстанціну Шынкевічу, маёру Уладзіміру Калеснікаву, капітану Анатолю Зайцаву, капітану Ігару Карнавушчанку.
Граматай савета Шумілінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” узнагароджваюцца падпалкоўнік Вячаслаў Канашэнка,  маёр Сяргей Храмцоў, маёр Уладзімір Шаршун, капітан Віктар Бабічаў.
Узнагароды, віншаванні, кветкі. Апладысменты і ўсмешкі залы.

А на сцэну ўжо спяшаюцца самадзейныя артысты з Лепельскага раёна. Разам з шумілінскімі артыстамі (Шумілінскі Дом культуры выступіў у ваеннай часці г. Лепель з рэтра-канцэртам “Назад у мінулае”) яны распачалі абласную акцыю абменных канцэртных праграм і прывезлі свой самабытны талент шумілінцам. Яны дораць свае лепшыя песні, іграюць на скрыпцы і цымбалах, дадаюць святу ноту радасці і святла.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *