Рейд по объектам АПК: сторож спит и света нету…

Общество Происшествия

Выяўлена 37 парушэнняў
Згодна з Дырэктывай № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычніка 2004 года “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” супрацоўнікі РАУС рэгулярна робяць рэйды на  аб’екты аграпрамысловага комплексу. Правяраюць захаванасць тэхнікі, зерня, а таксама наяўнасць вартаўніковай аховы. У адным з такіх рэйдаў разам з начальнікам ізалятара часовага ўтрымання РАУС Сяргеем Асташонкам, пабывала і карэспандэнт раённай газеты.
“Наша задача – праверыць некаторыя аб’екты ААТ “АграБаравінка” і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, – кажа С. Асташонак.  – Бывае, што і вартаўніка на некаторых фермах на месцы не знойдзеш”. Але на гэты раз (мы наведвалі ферму Башні і мехдвор у Башнях а дзясятай гадзіне вечара) вартаўнікі былі на рабочых месцах. Праўда,  на мехдвары ў Башнях адсутнічаў журнал праверкі вартаўніковай аховы, так што зрабіць запіс супрацоўніку РАУС не было ў чым. Ды і не было дзе паглядзець, хто і калі наведваў мехдвор у апошні раз.  На зернетаку ў а.-г. Светласельскі адсутнічала асвятленне. А цемра – хоць вока выкалі. Калі і падыдзе сюды чужы чалавек, дык яго вартаўнік усё роўна  не ўбачыць.  Ён нам патлумачыў: “Адключылі святло за няўплату”. Разам з тым у будцы вартаўніка святло было. Дзе логіка?
Па ферме Светласельская і мехдвары  УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” заўваг не было. “Але ж так бывае не заўсёды, – кажа  старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС С.  А. Кузняцоў. – У канцы кастрычніка, напрыклад, вартаўнік на гэтай ферме быў нецвярозы. На яго складзены адміністрацыйны пратакол”.
Увогуле падчас рэйдаў, якія былі праведзены ў верасні-лістападзе,  супрацоўнікі РАУС выявілі 37 розных парушэнняў на аб’ектах АПК. Найчасцей на фермах няма асвятлення, не зачынены вароты, адсутнічае патрэбная дакументацыя, адзначае Сяргей Аляксандравіч. Таксама выяўлена пяць фактаў адсутнасці вартаўніковай аховы, а два вартаўнікі былі нецвярозыя. “Нярэдка парушальнікі Дырэктывы № 1 – не толькі вартаўнікі, але і іншыя работнікі аграпрамысловага комплексу, – кажа ўчастковы інспектар РАУС Д. Ліпскі. – Напрыклад,  у канцы лістапада на ферме Дабея былі выяўлены пяць даярак у стане алкагольнага ап’янення, у тым ліку дзве з іх – абавязаныя асобы. На даярак складзены адміністрацыйныя пратаколы”.
Супрацоўнікі РАУС  і далей мяркуюць праводзіць вячэрнія рэйды. Пільная ўвага будзе надавацца тым фермам, дзе раней былі выяўлены парушэнні. Каб не здаралася, як на ферме Сіроціна, дзе апошні запіс у журнале праверкі быў зроблены спецыялістамі гаспадаркі 31 сакавіка…
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *