Зима — период пожароопасный

Безопасность

Агонь так і зыркаў
У лютым прайшла рэспубліканская акцыя “Бяспека – у кожны дом”, непасрэдны ўдзел у якой прымалі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Спецыялісты выратавальнай службы заходзілі ў кожны дом, правяралі бяспеку пячнога ацяплення, давалі парады гаспадарам.
Зіма для жылога сектара – самы пажаранебяспечны перыяд. Людзі прапальваюць печкі і грубкі, але не заўсёды ўлічваюць іх трываласць і надзейнасць, і правілы тэхнікі бяспекі захоўваюць далёка не ўсе.
Напрыклад, у гаспадароў з Зямцоў грубка была ў аварыйным стане: над дзверцамі вывалілася цагліна. Праз шчыліну агонь так і зыркаў у пакой.
Пенсіянер з Лескавіч  выкарыстоўваў для ацяплення самаробны  электрычны абагравальнік. Паколькі састарэлы чалавек – адзінокі, супрацоўнікі РАНС прапанавалі змясціць яго на сацыяльны ложак.
Адзінокай пенсіянерцы з в. Саладухі выратавальнікі некалькі месяцаў таму бясплатна ўстанавілі пажарны апавяшчальнік. Але падчас праверкі ён не працаваў. А ўсяго трэба было толькі памяняць батарэйкі.
“Трэшчыны ў печках, адсутнасць перадтопачнага ліста, правады ўскрутку, эксплуатацыя самаробнага абагравальніка – гэта грубыя парушэнні пажарнай бяспекі, – кажа інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Рыгор Жук. – У такім разе на гаспадароў складаецца адміністрацыйны пратакол”. Мінімальны штраф – 65 тысяч рублёў, максімальны – 3,9 мільёна рублёў.
“Найбольш часта парушэнні пажарнай бяспекі можна ўбачыць у дамах тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, – адзначае начальнік аварыйна-выратавальнага паста № 12 РАНС Віктар Кійко. – Тут людзі часта гінуць ці калечацца ад непатушанай цыгарэты.” Дзякуй богу, у гэтым годзе такіх прыкладаў няма. А вось летась было 15 пажараў, два чалавекі, у Дубраўскіх і Кавалеўшчыне, загінулі.
Усяго з 3 па 28 лютага супрацоўнікі РАНС праверылі больш за паўтары сотні домаўладанняў, на жыхароў прыватнага сектара скла-дзена 26 пратаколаў, выдадзены прадпісанні.
Некаторыя вясковыя гаспадары, як адзначаюць выратавальнікі, пасля гутарак сталі больш ўважлівымі да сваёй бяспекі.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *