Народная дипломатия в действии: Шумилино-Умань (Украина)

Общество

Шуміліна – Умань: міжнародная перапіска
“Ведаю, што мой ліст будзе для вас у нейкай ступені нечаканасцю. Але ж гэта добра, калі жыццё хоць зрэдку дорыць нам прыемныя сюрпрызы. Я даўно збіраўся Вам напісаць. І вось нарэшце адважыўся…”
З гэтых радкоў пачалася перапіска Юрыя Яфімавіча Дзіхцярэнка з нашай зямлячкай Любоў Міхайлаўнай Дземінёвай. Ліст прыйшоў з Украіны, з горада Умань Чаркаскай вобласці. Юрый Яфімавіч адгукнуўся на артыкул, змешчаны ў газеце “Здаровы лад жыцця”. У ім Любоў Міхайлаўна распавядала пра лёс і жыццёвыя выпрабаванні ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ганны Купрыянаўны Лосевай.
“З вялікім інтарэсам прачытаў Ваша апавяданне “Сібірачка Аня”. Такімі людзьмі можна ганарыцца. Ветэраны гэта заслужылі, бо вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар нечалавечых выпрабаванняў у гады вайны. Тым больш, што Вы плануеце выпусціць рукапісную кнігу. Няхай Вам спадарожнічае поспех”.
Юрый Яфімавіч працуе першым намеснікам старшыні савета ветэранаў Уманьскага раёна. Ён шмат расказвае пра дзейнасць арганізацыі ва Украіне, жыва цікавіцца жыццём ветэранаў на Шуміліншчыне, адкрыты да актыўных узаемін.
“У нас 53 пярвічныя ветэранскія арганізацыі, якія аб’ядноўваюць каля 14 тысяч ветэранаў. Вы пішаце пра святкаванні юбілеяў. У нас 80, 90 і 100 год адзначаюць урачыста, з граматамі і падарункамі. Як правіла, юбіляраў наведваюць дома першыя асобы раёна. Вялікае агульнае свята для ўсіх ветэранаў з кашай, франтавымі 100 грамамі і музыкай – гэта 9 мая на Дзень Перамогі. Свята 23 лютага ў нас адзначаецца як Дзень абаронцы Радзімы. Дзень вызвалення горада і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы святкуем 10 сакавіка. Гэтымі днямі споўнілася 200 год з дня нараджэння нашага шаноўнага паэта Т. Р. Шаўчэнкі. Усе гэтыя святкаванні праходзяць з актыўным удзелам ветэранаў. Нядаўна мне да 70-годдзя прысвоілі званне – Ганаровы ветэран Украіны. Карацей, сумаваць не прыходзіцца, ёсць над чым працаваць. Пішыце, якія ў вас важкія даты, будзем віншаваць”.
Напэўна, менавіта так і наладжваюцца самыя цесныя, самыя цёплыя сувязі паміж народамі. Хаця і для Любоў Міхайлаўны, і для Юрыя Яфімавіча, як і для многіх іншых, хто нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе, наўрад ці існуюць граніцы паміж нашымі дзяржавамі. Ва ўсялякім разе – у сэрцах. Мацней за што іншае нас яднае менавіта слаўнае, гераічнае, адно на ўсіх мінулае.
“Сеў пісаць ліст Вам, а тут пошта прынесла газеты. А ў адной з газет – апавяданне пра Вашага земляка А. П. Палякова, прымеркаванае да 70-годдзя вызвалення Украіны, святкаваць якое будзем у кастрычніку… Перадавайце ветэранам Вашага раёна словы ўдзячнасці  за храбрасць, самаахвярнасць у гады вайны. Некаторыя ж з іх вызвалялі ад ворага і Украіну. Здароўя ім, шчасця, дабрабыту ў сем’ях і мірнага неба”.
Пісаць ліст і чакаць адказу – ёсць у гэтым нешта такое, чаго не можа падарыць звычайнае тэлефанаванне, упэўнена Л. М. Дземінёва. Вось адрасат не дачакаўся твайго адказу – і сеў пісаць новы ліст. Ён жа  павінен паспець з віншаваннямі да свята, у яго ўжо накапілася шмат таго, пра што так хочацца расказаць жанчыне-аднадумцу, з якой, можа, ніколі ў жыцці і не сустрэнецца. Пры гэтым узаеміны наладжваюцца быццам бы з цэлым суседнім народам.
“Некалькі слоў  пра наш райцэнтр. Умань – старажытны горад ва Украіне з насельніцтвам каля 90 тысяч чалавек. Ён знакаміты ва ўсім свеце дэндрапаркам “Сафіеўка”… Крыху пра сябе. Я часта выступаю на старонках газет з замалёўкамі пра ветэранаў, апавяданнямі. Зараз мы з братам (ён у мяне член Саюза пісьменнікаў Украіны, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Украіны) ужо трэці год працуем над кнігай. Ён ужо напісаў 7 зборнікаў вершаў і дзве кнігі прозы… ”.
Апроч іншага, сябры па перапісцы абменьваюцца рэцэптамі, парадамі, добрымі пажаданнямі. Гэтыя лісты прыносяць у іх жыццё нотку навізны і шчасця атрымліваць і дарыць сюр-прызы.
Лісты чытала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *