Спорт-дайджест

Спорт, туризм

Валейбол
6-9 снежня ў Віцебску прайшло першынство вобласці па валейболе сярод хлопчыкаў 1997-1998 гадоў нараджэння.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел валейбольныя дружыны з Віцебска, Шуміліна, Оршы, Глыбокага, Пастаў і Бешанковічаў. Гонар нашага раёна абаранялі юныя спартсмены ДЮСШ, якіх трэніруе А. Я. Завадскі.
Наша каманда, за якую выступалі Пётр Лазука, Дзмітрый Ананьеў, Дзяніс Кляцкоў, Аляксей Аляшкевіч, Віталь Грузневіч, Антон Сілін, Ігар Марозаў, Мікіта Паўлікаў, Яўген Цырулік і Канстанцін Прохараў, з аднолькавым лікам 3:0 абыграла віцебскіх, аршанскіх, пастаўскіх і бешанковіцкіх валейбалістаў. У складаным апошнім матчы супраць каманды з Глыбокага, ва ўпартай барацьбе нашы землякі вырвалі перамогу (2:1) і сталі першымі ў вобласці.
Лепшым іграком спаборніцтваў стаў Пётр Лазука. У склад каманды вобласці, якая будзе выступаць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, трапілі шэсць нашых землякоў: П. Лазука, Д. Ананьеў, Д. Кляцкоў, А. Аляшкевіч, В. Грузневіч і А. Сілін.
Грэка-рымская барацьба
11-12 снежня Глыбокае прымала ўдзельнікаў рэспубліканскага турніру па грэка-рымскай барацьбе.
Паспяхова выступілі обальскія барцы, якіх трэніруе Пётр Ганушчанка. Першыя месцы заваявалі Мікіта Барсукоў (вагавая катэгорыя 27 кг), Мікіта Малашэнка (29 кг), Кірыл Драздоў (32 кг), Ягор Ганушчака (35 кг), Аляксандр Храмцоў (42 кг) і Вадзім Грачухін (47 кг). Другімі сталі Уладзіслаў Грачухін (53 кг) і Аляксандр Барсукоў (66 кг). У вазе 59 кг трэцім стаў Мікалай Глушко.
Міні-футбол
11 снежня ў Віцебску прайшоў пераднавагодні турнір па міні-футболе. За перамогу змагаліся футбольны клуб “Шуміліна”, каманда ААТ “Лаўжанскае”, зборная ветэрынарнай акадэміі і зборная Туркменістана, якую склалі студэнты ветакадэміі.
У першым паўфінале гулялі “Лаўжанскі” і ветакадэмія. Ва ўпартай барацьбе перамогу вырвалі студэнты (4:5). А вось у другім матчы шумілінскія футбалісты атрымалі ўпэўненую перамогу.
У фінальнай сустрэчы футбольны клуб “Шуміліна”, у складзе якога лепшымі былі паўабаронца Юрый Рацкун і нападаючы Аляксандр Яцэнка, саступіў зборнай ветакадэміі.  Трэцімі на турніры сталі лаўжанскія футбалісты (лепшыя ў камандзе Яўген Пікалеўскі і Аляксей Духовіч).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 99 ад 21.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *