12 шахматистов сразились во время традиционного турнира на призы газеты «Герой працы»

Мир увлечений Спорт

Дэбюты, дэбютанты і сенсацыі
У нядзелю ў СШ №1 прайшоў традыцыйны пераднавагодні шахматны турнір на прызы раённай газеты “Герой працы”. За перамогу змагаліся 12 шахматыстаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел як вопытныя шахматысты, так і школьнікі.
Першы тур  звёў за адзін стол яўных фаварытаў турніру – Мікалая Радайкіна і Уладзіміра Грыбава. Сапернікі даўно і добра ведаюць адзін аднаго, вось і выдалі  арыгінальную партыю, якая лагічна завяршылася нічыёй. Адразу пра свае чэмпіёнскія амбіцыі заявіў і Мікалай Кузьмін, які ў няпростай барацьбе вырваў перамогу ва Уладзіміра Любімава.
З найлепшага боку паказалі сябе і юныя шахматысты – Дзмітрый Емяльянаў і Сяргей Цімашэнка, яны вельмі трапна абараняліся, але ў атацы  вопыту яўна не ставала. Пра іх гульню добра  выказаўся адзін з “аксакалаў” Аляксандр Разуменка: “Лепш дровы калоць, чым цябе, Сяргей, перамагчы”.
Наступны тур падарыў і першую сенсацыю спаборніцтваў. Вопытны шахматыст Аляксандр Разуменка прайграў юнаму Дзмітрыю Емяльянаву. А ў партыі Сяргей Цімашэнка – Уладзімір Прасолаў  вопыту не хапіла юнаму Сяргею (дарэчы, хлопец паказаў неблагую гульню на ўсім турніры, усе яго паядынкі выдаліся быццам пад капірку – змагаўся да апошняга).
Першыя тры туры  выявілі лідараў спаборніцтваў, якія змагаліся толькі за выніковую перамогу. А вось Генадзь Язымаў і Уладзімір Зелянкоў  прыехалі на турнір пагуляць у сваё задавальненне. Менавіта яны часам дэманстравалі сапраўды відовішчную гульню. Безумоўна,  надалі новыя фарбы турніру навічкі, і часта пасля сваіх перамог вопытныя шахматысты давалі Дзмітрыю і Сяргею майстар-класы. Алег Далімаеў, Уладзімір Любімаў і Сяргей Кузьмініч не змаглі правесці турнір на адным дыханні,  памылкі ім каштавалі   прызавых месцаў. Алегу Далімаеву хочацца выказаць асаблівую падзяку за судзейства.
Адну з самых прыгожых партый турніру  разыгралі Уладзімір Любімаў і Генадзь Язымаў. Гульня на “тоненькага”, фаварыт у адзін ход становіцца даганяючым. Перамагчы мог як адзін, так і другі шахматыст. Гэтая гульня на нервах завяршылася нічыйным вынікам, які не задаволіў ні Любімава, ні Язымава.
Вырашальным для вызначэння пераможцы стаў восьмы тур. Мікалаю Радайкіну не хапіла часу, і перамог у партыі  Мікалай Кузьмін.
Фактычна пасля гэтага туру прызавая тройка турніру была вызначана. Толькі вось такая акалічнасць ніяк не паўплывала на азарт апошніх тураў. Для многіх было справай прынцыпу абыграць саперніка ці адабраць ачкі ў прызёра. Ды і без сенсацый зноў не абышлося і зноў яе аўтарам стаў Дзмітрый Емяльянаў, які ў апошнім туры змог перамагчы Уладзіміра Любімава.
Па выніках турніру перамогу атрымаў Мікалай Кузьмін, другое месца ў Мікалая Радайкіна, трэцяе – ва Уладзіміра Грыбава. Сярод школьнікаў першае месца ў Дзмітрыя Емяльянава. Пераможцы і прызёры турніру атрымалі падпіску на раённую газету “Герой працы”, ганаровыя граматы і грашовыя прэміі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 99 ад 24.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *