В школах проходит конкурс «Учитель года».

Образование

Амбросавічы: стаўка на маладосць
Конкурс “Настаўнік года” вылучае найлепшых сярод лепшых педагогаў. Але далёка не кожны настаўнік згаджаецца ўдзельнічаць у конкурсе, разумеючы адказнасць і дадатковыя клопаты. У кожнай школе конкурс праходзіць па-свойму.
Вось у Амбросавіцкай дзіцячы сад-сярэдняй школе амаль увесь педагагічны калектыў вырашыў прайсці конкурсныя іспыты. Усе адзінаццаць канкурсантаў маюць значны педагагічны вопыт, у кожнага – свае прафесійныя сакрэты і напрацоўкі, кожны – са сваім падыходам да вучняў, да вучэбна-выхаваўчага працэсу. Але галоўнае, што ўсе працуюць на агульны вынік – раскрыць у кожным вучню здольнасці і таленты, выхаваць у дзяцей упэўненасць ва ўласных магчымасцях, дапамагчы знайсці дарогу да ведаў, выбраць жыццёвы шлях.
На працягу двух тыдняў педагогі паказвалі сваё майстэрства на адкрытых уроках, знаёмілі са сваімі напрацоўкамі, з работамі сваіх вучняў. А на мінулым тыдні адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу. Але спачатку педагогам школы і дзіцячага сада неабходна было паказаць сябе (конкурс “Я – гэта Я”). У заданні “Вы прыйшлі ўладкоўвацца на працу” яны павінны былі пазнаёміць прысутных са сваімі дасягненнямі, ці па сучаснаму — “прадставіць сваё партфоліа”. Перад настаўнікамі ставіліся даволі складаныя задачы па псіхалогіі, у якіх трэба было знайсці выхад, выпрацаваць правільныя паводзіны ў адносінах да вучняў, ці пэўных сітуацый. А яшчэ сучасныя настаўнікі малявалі славесны партрэт педагога будучыні, паказалі відэа-прэзентацыі.
Напярэдадні Новага года было натуральным, што павіншаваць педагогаў завіталі Дзед Мароз са Снягуркай. Кожны ўдзельнік атрымаў ад іх і ад дырэктара школы Евы Міхайлаўны Ласянковай цёплыя словы падзякі і святочныя сувеніры. Прыз вучнёўскіх сімпатый падзялілі С. В. Кучмарова і Л. А. Шчарбакова.
Пры падвядзенні агульных вынікаў сімпатыі вучняў і конкурснага журы супалі. Прызёрамі сталі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Анатольеўна Шчарбакова і настаўніца пачатковых класаў Раіса Міхайлаўна Шкурко.
А пераможцай школьнага конкурсу стала самая маладая ўдзельніца, педагог з васьмігадовым стажам, настаўніца хіміі і біялогіі Святлана Валер’еўна Кучмарова. Менавіта яна будзе абараняць гонар школы на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года” ў лютым 2011 года.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №101 ад 28.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *