Когда профсоюзы на защите интересов труженика

Общество Экономика

На варце інтарэсаў працаўніка
На мінулым тыдні галоўны спецыяліст па прававой рабоце АПК М. Г. Казлоўскі і старшыня Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў  В. В. Юхнавец  праводзілі  “прамую лінію” і прыём грамадзян па пытаннях працоўнага заканадаўства.
Патэлефанавалі работнікі КУСГП “Мішневічы”, ААТ “Лаўжанскае”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і ААТ “Прыазёрны мір”.
–  Калі ласка, раскажыце пра сацыяльныя льготы, прадугледжаныя калектыўным дагаворам.
–  Калектыўны дагавор павінен паляпшаць умовы працы работніка, ствараць для яго дадатковую абарону. У кожнай гаспадарцы распрацаваны шэраг льгот з улікам рэкамендацый і фінансавага становішча. Асноўныя з іх – гэта дадатковыя выплаты пераможцам спаборніцтваў падчас пасяўной або ўборачнай, льготы для маладых спецыялістаў – як правіла, ім даплачваецца да заробку ў першыя два гады работы па дзве тарыфныя стаўкі першага разраду. Калектыўныя дагаворы ў многіх гаспадарках прадугледжваюць выплату прэмій прызыўнікам, матэрыяльныя выплаты пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзіцяці, да дзяржаўных і прафесійных святаў, пры выхадзе на пенсію, да юбілейных дат, у сувязі са смерцю блізкіх і г.д. У некаторых сельгасарганізацыях прадугледжана для сваіх работнікаў даваць бясплатна тэхніку, іншыя забяспечваюць вяскоўцаў сенам. Але, зноў жа, калектыўныя дагаворы  ў кожнай гаспадарцы розныя. Чым багацей гаспадарка – тым больш можа дазволіць льгот для сваіх работнікаў.
–  Ці з’яўляецца парушэннем тое, што заробак за студзень выплачаны не ў поўным аб’ёме? Куды звяртацца па гэтым пытанні?
–  Вядома, у большасці калектыўных дагавораў сельгасарганізацый значыцца, што заробак павінен быць выплачаны за папярэдні месяц у апошняе чысло наступнага. На жаль, складаная сітуацыя па выплаце зарплаты амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах вобласці. У такім разе мы раім звярнуцца ў абласны ці раённы прафсаюз з афіцыйнай заявай. Мы складаем акт рэагавання на імя дырэктара гаспадаркі, выязджаем на месца, праводзім маніторынг і разбіраемся з сітуацыяй. Бывалі выпадкі, калі па гэтай праблеме нават звярталіся ў пракуратуру.
–  На які тэрмін з работнікам можа быць заключаны кантракт і ці прадугледжвае ён якія-небудзь даплаты?
– Мінімальны тэрмін, на які можа быць заключаны кантракт – адзін год, максімальны – пяць гадоў. Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта № 29, па кантракце абавязкова павінен быць прадугледжаны дадатковы водпуск да пяці каляндарных дзён, а таксама да 50% павышэння тарыфнай стаўкі або акладу.  Іншая справа, што няўважлівыя спецыялісты могуць забыцца прадоўжыць кантракт з работнікам  – у такім разе чалавек пазбаўляецца мер стымулявання працы, а службовыя асобы прыцягваюцца да адказнасці.
–  Мы маладыя спецыялісты, адпрацавалі па размеркаванні на Шуміліншчыне год. Ці можам пераразмеркавацца ў другі раён?
–  Такая магчымасць ёсць. Аднак для гэтага павінны быць важкія прычыны, якія прадугледжаны п. 6 арт.83 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у выпадку звальнення і пераводу да іншага наймальніка, пры наяўнасці дзіця-інваліда, пры пражыванні мужа (жонкі) ў іншым населеным пункце.  Такое рашэнне выносіць камісія па размеркаванні той навучальнай установы, якую вы заканчвалі. Але, зноў жа, вы павінны ўладкавацца па той спецыяльнасці, на якую вывучыліся. У адваротным выпадку вам прыйдзецца выплачваць грошы (а яны немалыя), якія дзяржава затраціла на вашу вучобу.
– Дачка вучыцца па накіраванні ад райсельгасхарчу і павінна будзе адпрацоўваць на Шуміліншчыне абавязковыя тры гады. У выпадку, калі яна выйдзе замуж, ці магчыма будзе паехаць разам з мужам на Гомельшчыну?
–  Трэба глядзець па сітуацыі. Калі магчымасць пераразмеркавання прапісана ў вашым мэтавым дагаворы, то можна паехаць і на Гомельшчыну. Іншая справа, што бываюць такія сітуацыі, калі накіраванне на вучобу дае сельгасарганізацыя, якая яшчэ робіць і  штомесячныя даплаты да стыпендыі. І ў дагаворы можа быць пазначана, што калі малады спецыяліст не адпрацуе абавязковы тэрмін, то прыйдзецца гэтыя грошы вяртаць гаспадарцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №23 ад 24.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *