В Шумилинской районной гимназии День здоровья объединил учеников и педагогов

Образование Спорт, туризм

Каманду педагогаў узначаліла дырэктар гімназіі
Вось ужо каторы год у красавіку ў Шумілінскай раённай гімназіі праходзіць Дзень здароўя. Але нягледзячы на традыцыйнасць мерапрыемства, яно кожны раз ўражвае непаўторнасцю і неверагодным зарадам энергіі.
Безумоўна, у гэтым заслуга актывістаў цэнтра гімназічнага самакіравання “Спорт і здароўе”, які ўзначальвае настаўнік фізічнай культуры С. П. Вашадок. Творчы падыход педагога да рэалізацыі звычайных выхаваўчых і аздараўленчых мерапрыемстваў, памножаны на энергічную дапамогу гімназістаў і выхавальнікаў, дазволіў 4 красавіка правесці не проста спартландыю, а аб’яднаць у адну каманду дарослых і дзяцей, стварыць па-сапраўднаму моцную настаўніцка-вучнёўскую сям’ю. Не дарэмна ж і Дзень здароўя насіў назву “Гімназічная сям’я”.
Не паверыце, але ніхто з педагогаў не адмовіўся ад удзелу ў конкурснай праграме, хаця інтрыга “хто будзе ў камандзе?” захоўвалася да самага пачатку спаборніцтваў.
І вось васьмёрка смелых на чале з дырэктарам гімназіі Л. У. Маладзечкінай, забыўшыся на павышаны ціск і хандроз, бадзёра ўваходзіць у спартыўную залу. І пачаліся сапраўдныя алімпійскія спаборніцтвы каманд “Віват перамога!” і “Дружба”.
Журы, а яго ўзначальвала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н. П. Саўчанка, судзіла строга і справядліва, уважліва сачыла за майстэрствам “мам” у распілоўванні дошак, уменнямі “татаў” прыбіраць пакой, за хуткасцю збораў у школу “дзетак”.
Азарт ахапіў і балельшчыкаў, якія актыўна падтрымлівалі свае каманды.
Спартыўнае свята “Гімназічная сям’я” падарыла ўсім яго ўдзельнікам зарад бадзёрасці і цудоўны настрой, гэта і стала галоўным прызам, бо ў цікавай справе пераможаных не бывае.
Юлія РУДЗЯКОВА, вучаніца 11 класа Шумілінскай раённай гімназіі.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *