Ученики начальных классов Шумилинской СШ №1 соревновались в знании белорусских обрядов

Культура Образование

Гуканне вясны, Вялікдзень, Камаедзіца, Багач…



На сцэне вучні 2 “Б” класа з абрадам «Камаедзіца»

У гэтым навучальным годзе ў СШ № 1 г. п. Шуміліна праходзіць гульня “Падарожжа па краіне акцябрат”, паведаміла намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце С. У. Емяльянава. “Практычна кожны месяц вучні малодшых класаў удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе. Стараюцца, набіраюць балы, каб у канцы года іх клас быў вызначаны лепшым, – расказала Святлана Уладзіміраўна. – Многія нашы мерапрыемствы прысвечаны Году культуры: вучні афармлялі альбомы “Цуды Беларусі”, прынялі актыўны ўдзел у выставе “Беларуская мазаіка”: рыхтавалі беларускія загадкі, прымаўкі, прыказкі, песні, казкі і ілюстрацыі да іх. Дарэчы, гэту выставу можна ўбачыць у фае на першым паверсе школы”.
А на мінулым тыдні ў рамках гульні  “Падарожжа па краіне акцябрат” упершыню ў школе быў праведзены конкурс творчых выступленняў “Беларускія абрады”.  У конкурсе бралі ўдзел вучні 2-4 класаў (усяго 11 калектываў). Было бачна, што дзеці на чале са сваімі настаўнікамі доўга рыхтаваліся да гэтага конкурсу: развучвалі ролі, шылі касцюмы, афармлялі сцэну. Прыемна было ўбачыць фрагменты старажытных святаў “Гуканне вясны”, “Камаедзіца”, “Багач”, “Купалле”, “Вясковыя пасядзелкі”. І дзеці, і дарослыя дазналіся на конкурсе шмат новага і цікавага пра народныя святы, пра тыя абрады, якія даўней былі папулярнымі ў нашым раёне. Тэатралізаваныя выступленні, пераважная большасць якіх былі на беларускай мове, усім спадабаліся. Аднак конкурс ёсць конкурс – строгае журы вызначыла пераможцаў: вучні 2 “Б” (класны кіраўнік К. Д. Сідарава) і 3   “А”  (Н. В. Іванова) з абрадам “Камаедзіца”, а таксама вучні 2  “Г” (Н. В. Ніканава), якія падрыхтавалі “Вялікдзень”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №23 ад 18.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *