В «Ловжанском» за эффективную работу выдают премию

Молодёжь Сельское хозяйство Экономика

Выканаў норму – атрымай прэмію
Апошнія два гады ў ААТ “Лаўжанскае” былі праблемы з корманарыхтоўкай з-за таго, што два нямецкіх “Ягуара” прастойвалі з-за адсутнасці запчастак. Сёлета на рамонт камбайнаў патрацілі каля 800 мільёнаў рублёў, і зараз два кормаўборачных камбайна працуюць без збояў.
“За дзень падбіраю да 800 тон зялёнай масы, перавыконваю даведзеную норму ў два разы, – расказаў малады механізатар Віталь Краўчук (на здымку), які працуе на “Ягуары” (дарэчы, яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару, зацверджаную ў раённай газеце). – Усяго на маім рахунку 5758 тон травы. Думаю, у майго калегі Пятра Бардзюкова не менш”. Механізатары расказалі, што за прадукцыйны дзень (калі закладзена больш за 750 тон сенажу) выдаецца прэмія.
“Так, гэта праўда, – пацвердзіў кіраўнік гаспадаркі А. М. Пытко. – Пра такія ўмовы працы на корманарыхтоўцы аб’явілі на агульным сходзе. Мы абазначылі, што ў механізатараў не павінна быць парушэнняў працоўнай дысцыпліны. А паколькі прэмію хочуць атрымаць усе, стараюцца і на касілках, і на граблях, і на адвозцы, і на трамбоўцы сянажных траншэй. Дапамагаюць адзін аднаму, бо кожны трактар – незаменнае звяно, без якога немагчымы агульны працэс. На добры вынік стараецца працаваць увесь калектыў. Так, 21 чэрвеня за адзін дзень заклалі сянажную траншэю ў Рашэтніках – 1200 тон. Вынікі падводзім адзін раз за дзесяць дзён. На гэтым тыдні на 17 механізатарам, занятым на касавіцы, будзе выдзелена па чатыры мільёны рублёў прэміі за кожную прадукцыйную траншэю”.
Усяго ў ААТ “Лаўжанскае” трэба скасіць 2499 гектараў травы, нарыхтаваць 23 тысячы тон сенажу, 1257 тон сена. На ўчарашні дзень гаспадарка па касьбе траў ўвабралася ў палову, у пяці сянажных траншэях было закладзена сем тысяч тон сенажу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №50 ад 28.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *