В лесу так легко заблудиться

Безопасность Общество

Пайсці, каб вярнуцца
Кожнае лета і восень ягаднікі і грыбнікі губляюцца ў лясах. Як правіла, колькасць людзей, якія заблудзіліся ў лесе, павялічваецца ў верасні – у час актыўнага збору брусніц, журавін і грыбоў. Так, мінулы верасень супрацоўнікам РАУС і РАНС запомніўся тым, што на обальскім балоце тры дні шукалі пажылую жанчыну, якая пайшла за папаратнікам. На трэція суткі жанчыну знайшлі. Знямоглую і аслабленую, яе выносілі з лесу на насілках.
Як расказаў начальнік аддзела крымінальнага вышуку РАУС Сяргей Бяржанін, у гэтым годзе па вобласці зафіксавана 27 выпадкаў, калі людзі тэлефанавалі з лясоў і прасілі дапамогі, бо не маглі самастойна знайсці шлях дадому.  У дзяжурную часць РАУС таксама паступалі званкі: “Мы заблудзіліся ў лесе!”.  Але праз гадзіну-другую людзі  паведамлялі, што выйшлі самастойна. Выключэнне – выпадак у лесе ля Ужляціна. У першыя выхадныя верасня дзве віцяблянкі (абедзве пенсійнага ўзросту) прыехалі ў лес. Збіралі грыбы-ягады, а калі прыйшоў час ісці вечарам да цягніка, ніводная не ведала, у якім баку чыгунка. Добра, што ў жанчын былі з сабой мабільныя тэлефоны. На дапамогу грыбнікам выехалі міліцыянеры. “Не адну гадзіну мы падавалі гукавыя сігналы жанчынам, заспакойвалі іх па тэлефоне, тлумачылі, у які бок трэба ісці, – расказаў Сяргей Іванавіч. – Раніцай жанчыны выйшлі з лесу. Яны былі вельмі ўдзячныя шумілінскім міліцыянерам.
Як паказвае практыка мінулых гадоў, у лясах губляюць арыенціроўку не толькі гараджане, але нават і вясковыя жыхары, якія дагэтуль абышлі лясныя масівы ўздоўж і ўпоперак. Таму ў чарговы раз хочацца папярэдзіць аматараў грыбоў і ягад: не ведаеш лес – не адыходзься далёка. Абставіны знікнення  ў лесе бываюць самыя розныя: чалавек заблудзіўся, страціў прытомнасць, з ім адбыўся няшчасны выпадак… Таму лепш не рызыкаваць – з лесам жарты дрэнныя”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *