Шумілінскі раён прыняў удзел у міжнароднай відэаканферэнцыі “Мая Школа міру”

Актуалии Образование Общество

У свеце павінны панаваць мір, дружба, згода, любоў
Напярэдадні Дня міру Шумілінскі раён прыняў удзел у міжнароднай відэаканферэнцыі “Мая Школа міру”.

Участники видеоконференции Обольской СШ

Галоўнае і самае актуальнае пытанне – захаванне міру на планеце – школьнікі Віцебскай вобласці абмяркоўвалі разам са сваімі равеснікамі са школ г. Бабаева Валагодскай і г. Дзядзенева Маскоўскай абласцей.
На відэаканферэнцыі ад нашага раёна прысутнічалі ўдзельнікі I злёту юных пасланнікаў міру Віцебшчыны: вучні Шумілінскай СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка, Шумілінскай СШ №2 імя А. І. Дубасарскага і Шумілінскай раённай гімназіі.
Да ганаровай акцыі далучылася таксама Обальская СШ імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай, якая прэтэндуе на званне “Школы міру”.
Як зберагчы мір? Што можа зрабіць у гэтай справе звычайны школьнік?
Нам многае па сілах, мы адкрыты для навядзення мастоў дружбы, сцвярджала пяцікласніца Обальскай СШ Вікторыя Ляўшова, звяртаючыся да ўдзельнікаў відэаканферэнцыі. У сваім выступленні яна давала моцны пасыл да гераічнага мінулага обальскага краю, да легендарнай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. Дзяўчынка пераканана, што сёння ў свеце павінны панаваць мір, дружба, згода, любоў.
У сучасным свеце, дзякуючы новым сродкам сувязі, усе народы сталі бліжэй. І ў дзяцей з’явілася магчымасць, не выходзячы са сцен сваёй школы, знаёміцца з аднагодкамі з суседняга раёна, краіны, кантынента, гаварыць пра набалелае, сябраваць, аб’ядноўвацца.
Гэтак жа, як і і Віка Ляўшова, школьнікі з Віцебска, Полацка, Наваполацка, расійскіх гарадоў гаварылі пра сваіх гераічных землякоў, пра памяць, пра добрыя справы, няхай невялікія, але вельмі значныя ў агульнай справе мацавання міру.
Шумілінскі раён далучыўся да міжнароднай акцыі “У славу агульнай Перамогі”, расказала обальскім школьнікам намеснік старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірына Шалахава, якая прысутнічала на відэаканферэнцыі. Ірына Іванаўна расказала, што на першым этапе акцыі будзе ажыццяўляецца забор зямлі з кожнага пахавання (а іх у Шумілінскім раёне 58), якая потым будзе сабрана ў адной капсуле і перададзена ў сталіцу – у Храм-Помнік у гонар Усіх Святых. Яна паведала, што да акцыі далучыліся краіны былога Савецкага Саюза.
“Міру не чакаюць, за мір трэба змагацца, і пра мір трэба гаварыць”, – пераканана старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Шаўцова, якая на завяршэнне мерапрыемства прапанавала дзецям зрабіць з паперы галубоў – сімвал міру.
А 20 верасня дэлегацыя Обальскай СШ прыняла ўдзел у II злёце юных пасланнікаў міру, які прайшоў на базе першай на Віцебшчыне Школы міру – Гарадоцкай СШ №1, а таксама ў патрыятычнай акцыі “У славу агульнай Перамогі”. У мерапрыемстве разам са школьнікамі  Віцебшчыны прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2019 г.