А я з Кітая пасылку чакаю…

Общество Экономика

А я з Кітая пасылку чакаю…

“Я спампавала ў Play Маркет прыладу, з дапамогай якой вельмі зручна заказваць рэчы з Кітаю. І адразу ж заказала тавараў аж на 150 рублёў. І толькі потым сяброўкі расказалі, што, аказваецца, на пасылкі з Кітая існуе ліміт, перавышэнне якога цягне дадатковы падатак. На якую суму можна заказваць, колькі складае падатак, дзе яго плаціць – не зразумела. Раскрыйце, калі ласка, гэту тэму на старонках газеты”, – з такой  просьбай звярнулася ў рэдакцыю наша падпісчыца Алена.

Як разлічваюцца мытныя выплаты?
Справа ў тым, што ў Беларусі дзейнічае Указ №40 ад 11.02.2016 г., згодна з якім мы без выплаты мытнага плацяжу можам атрымліваць пасылкі коштам да 22 еўра і вагой да 10 кг у месяц. Пасылкі, якія перавышаюць гэты ліміт, не забараняюцца, але сума перавышэння нормы абкладаецца мытным падаткам. Апроч таго, пры перавышэнні ліміту трэба будзе заплаціць і фіксаваны мытны збор.
Пасылкі фізічным асобам, якія перавышаюць норму, лічацца камерцыйнымі і таму дадаткова аплачваюцца. Сёння мытная пошліна складае 30% ад цаны заказанага вамі тавару. Мытны збор, які бярэцца за здзяйсненне мытных аперацый, залежыць ад таго, якую пакупку вы зрабілі, але, як правіла складае €5.
Разлік мытных выплат лёгка зразумець на такім прыкладзе.
Цана пакупкі – 100 еўра;
Перавышэнне – 100-22 = 78 еўра;
30% ад атрыманай сумы складае €23,4 еўра;
Мытны збор – €5 еўра;
Канчатковая мытная выплата складзе: 23,4+5=28,4 еўра.

Дзе і як плаціць падатак на пасылкі?
Мытныя плацяжы выплачваюцца непасрэдна ў тым паштовым аддзяленні, куды прыйшла ваша пасылка. Аператар паштовай сувязі павінен праінфармаваць вас аб неабходнасці заплаціць пошліну.

Пра даты ліміту
Вядома, што пасылкі з Кітаю ідуць доўга. Бывае, і месяц-паўтара. З якой жа даты трэба весці адлік месячнага ліміту. Напрыклад, чалавек можа заказаць у красавіку на €22 еўра, затым у маі на гэтую ж суму, а абедзве пасылкі прыйдуць, скажам, у чэрвені. Дык вось, пад увагу бярэцца толькі дата рэгістрацыі пасылкі на складзе часовага захоўвання.

Ці будзе лічыцца перавышэннем ліміту, калі пасылкі заказваюцца на розных членаў сям’і?
Указаны ліміт разлічваецца для кожнага атрымальніка пры паступленні тавараў на яго адрас. Прычым, паўнапраўнымі атрымальнікамі пасылак могуць быць і непаўналетнія. Можна заказваць на родных і сяброў.

Калі пасылак шмат?
Калі за адзін месяц вамі было атрымана, напрыклад, тры пасылкі коштам 22, 10 і 2 еўра, то першая, зразумела, падаткам не абкладаецца, яе вы забіраеце без праблем. На кожную наступную асобна налічваюцца і 30% падатку і па 5 еўра мытнага збору. Калі вам прыйшло некалькі пасылак, але агульная сума не перавышае ліміту, то дадатковы падатак не налічваецца.

Ці ўлічваецца кошт дастаўкі?
Бывае, што сама пакупка каштуе, напрыклад,€5 еўра, а разам з дастаўкай заплаціць прыйдзецца і ўсе €30 еўра. Дык вось, кошт дастаўкі не ўлічваецца пры налічэнні мытных збораў.

Калі адмовіўся ад заказу?
У выпадку, калі вы адмовіцеся ад заказу, тавар будзе адпраўлены назад, мытныя плацяжы ў такім выпадку не выплачваюцца.
* * *
Ёсць пытанні, тэлефануйце – разбярэмся.
Тэму вывучала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *