29 июня в Башнях пройдет «Фестиваль воды»

Актуалии Новости Экология

Башні чакаюць “Фестываль вады”
Вучні Башнёўскай школы рыхтуюцца да “Фестывалю вады”, які пройдзе ў рамках свята аграгарадка 29 чэрвеня.

Кіраўніком  і завадатарам экалагічных мерапрыемстваў з’яўляецца мясцовая настаўніца Марына Аляксеенка, якая ўзначальвае заняткі па інтарэсах “Спадчына”, “Эказнайка” і “Сябры прыроды”. У мінулую суботу ўдзельнікі гэтых гурткоў, а таксама некаторыя вяскоўцы выйшлі добраўпарадкаваць зоны адпачынку на возеры Будавесць.
“Мы хочам прыбраць і астатнія берагі возера Будавесць, дабрачынную акцыю арганізуем 8 чэрвеня, – расказала Марына Ягораўна. – Памочнікі ніколі не будуць лішнімі”. Да “Фестывалю вады” ў Башнёўскай школе прымеркаваны фотаконкурс  “Возера Будавесць – часцінка малой Радзімы”, у якім могуць прыняць удзел не толькі вучні, але і іх бацькі (фота дасылаць Марыны Аляксеенкі “ВКонтакте”).
На “Фестывалі вады” ўвазе гледачоў будзе прадстаўлены  лялечны спектакль “Як Арцём ваду шукаў” узорнага калектыву “Прэм’ера”, што працуе пры мясцовым клубе. Усіх чакае цікавая гульнявая конкурсная праграма “Няптун збірае сяброў”, будзе арганізавана кніжная выстава “Вада – гэта жыццё”, фітабар з травянымі гарбатамі і яшчэ шмат чаго цікавага.
“А яшчэ рыхтуецца конкурс-выстава ўпрыгожаных лодак “Лодка мары”, – расказаў старшыня Светласельскага сельвыканкама Аляксандр Дзмітрэнка,  – Мы запрашаем мясцовых жыхароў быць актыўнымі і прыняць удзел у гэтым конкурсе, а таксама ў конкурсе рукадзелля – пераможцаў чакаюць прызы. Акрамя гэтага, на свяце будзем вітаць заслужаных вяскоўцаў – тых, хто ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе, хто звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, юбіляраў, самадзейных майстроў”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2019 г.