У рабоце следчага, лічыць Антон Шрубік, важныя дакладнасць, абавязковасць

Молодёжь Общество

За кожнай справай – людзі

Другі месяц у раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь следчым служыць Антон Шрубік. Для маладога следчага Шумілінскі РАСК – другое месца службы, ён пачынаў у адным з аддзелаў Мінска. «Вялікі горад не па мне, – дзеліцца хлопец. – Сам родам з Віцебска, хацелася працаваць менавіта на Віцебшчыне. Рады, што кіраўніцтва Следчага камітэта пайшло насустрач».

– Можна сказаць, што з дзяцінства марыў стаць следчым, – гаворыць Антон. – Яшчэ ў школе пачаў марыць пра пагоны. Калі вучыўся ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы, да нас часта прыходзілі следчыя. Яны расказвалі пра сваю работу, пра тое, як раскрываюцца крымінальныя справы. Вось я і захапіўся гэтай прафесіяй. Таму свядома і паступіў на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС.
У рабоце следчага важныя дакладнасць, абавязковасць, уменне правільна размеркаваць час, лічыць Антон, інакш нічога не паспееш зрабіць. Наогул, каб стаць сапраўдным следчым, неабходна ўвесь час павышаць свой прафесійны ўзровень. А разабрацца ва ўсіх нюансах работы дапамагае больш вопытны Алег Свіркуноў, якога прызначылі кіраўніком да маладога спецыяліста.
Сваю першую крымінальную справу, якую расследаваў, Антон добра памятае: тады ён з групай следчых раскрыў крадзеж 70 тысяч долараў ЗША ў грамадзяніна іншай краіны. Кожная закончаная крымінальная справа – гэта бясцэнны практычны вопыт.
Зараз Антон Шрубік расследуе чатыры крымінальныя справы. Да кожнага, будзь гэта пацярпелы ці падазроны, падыходзіць скрупулёзна і адказна. «Прынцып любога следчага – гэта адносіны да чалавека, – разважае следчы. – Мы не выносім прысуд, гэтым займаюцца адпаведныя органы. Для нас важна ўстанавіць прычыну, ісціну. А гэта можна зрабіць у тым выпадку, калі ты не толькі прафесійна падрыхтаваны як юрыст, а і маеш звычайныя чалавечыя якасці. Упэўнены, што следчы – гэта не работа і не служба, гэта стыль жыцця».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №71 ад 11.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *