Шумилинский историко-краеведческий музей приглашает на выставку Лидии Журовой

Культура Новости

 

«Звычайны цуд» –
такую назву мае выстава работ Лідзіі Журавай з марскіх каменьчыкаў і яечнай шкарлупіны, на якую запрашае Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей

Лідзію Уладзіміраўну Жураву, жыхарку Шуміліна, многія ведаюць як актыўную ўдзельніцу музейнага праекта «Народная крыніца», што працуе пры музеі, творчага чалавека, які спрабуе сябе ў розных стылях і жанрах дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці. Пры гэтым жанчына стараецца выкарыстоўваць малазатратныя матэрыялы, якія ляжаць, можна, сказаць, у нас пад нагамі.
Адно з апошніх захапленняў – карціны з марскіх каменьчыкаў. Лідзія Уладзіміраўна даўно марыла заняцца такой творчасцю. Сёлета мара спраўдзілася – унук з Ялты прывёз марскую гальку, і працэс пайшоў… Карціны атрымаліся яркімі, сакавітымі, у іх – успаміны пра мора, лета, сонца. Другая частка работ на выставе – яе «каронныя» аплікацыі са шкарлупіны. Тэматыка, наадварот, зімовая: карціны пераважна бліскучыя, як снег.
«Ведаеце, мне было вельмі прыемна працаваць з каменьчыкамі, – прызналася аўтар. – Калі кранаеш іх, трымаеш у руках, быццам зараджаешся энергіяй, яны станоўча ўплываюць на самаадчуванне».
Лідзія Уладзіміраўна прэзентавала музею паўтара дзясятка работ, пастаралася паспець да Міжнароднага дня інвалідаў, каб зрабіць своеасаблівы падарунак людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх сустрэча са светам каменняў таксама можа падарыць шмат станоўчых эмоцый. Ды і гэта, урэшце, выдатны стымул і прыклад заняцца падобнай творчасцю.
Выстава будзе працаваць да канца снежня ў фае выставачнай залы (у будынку падатковай інспекцыі) музея. Раім зазірнуць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №97 ад 11.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *