«Кожны голас ЗА – голас за будучыню Беларусі»

Актуалии

«Кожны голас ЗА – голас за будучыню Беларусі»

Рэферэндум аб змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь – сёння галоўная падзея ў нашай краіне. Ад таго, якім будзе Асноўны Закон, залежаць лёс Радзімы, будучыня кожнага з нас, нашых дзяцей і ўнукаў. Менавіта пра гэта гаварыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ірына Палякова падчас дыялогавай пляцоўкі-сустрэчы з насельніцтвам г. п. Обаль. У мерапрыемстве браў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

Дэпутат Парламента акцэнтавала ўвагу на асноўных момантах, якія сталі прычынай неабходнасці змяненняў у Канстытуцыю: геапалітычнае становішча, неадназначная сітуацыя, што склалася ў краінах-суседках, якая паўплывала і на адносіны іх з нашай краінай.
У новай рэдакцыі Асноўнага закона прадугледжаны шэраг дапаўненняў у падтрымку традыцыйных грамадскіх каштоўнасцей. У прыватнасці, шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны. Асаблівая ўвага – падтрымцы сем’яў з дзецьмі, а таксама дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі.
Асаблівую ўвагу дэпутат звярнула на захаванне гістарычнай памяці.
– Маё пакаленне ведае пра жахі вайны толькі па расказах удзельнікаў, па кнігах, кінафільмах. Мы не аднойчы чулі ад тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце: «Толькі б не было вайны». Без слёз, душэўнага болю нельга слухаць успаміны нашых шаноўных ветэранаў вайны, якія самаахвярна змагаліся з фашыстамі, выстаялі, перамаглі. Таму як уласны боль успрымаю любыя спробы перапісаць гісторыю, паставіць пад сумненне гераічны подзвіг народа, яго вызначальную ролю ў перамозе над фашысцкай Германіяй, – падкрэсліла Ірына Палякова. – Для абароны гістарычнай памяці ўжо сёння зроблена нямала. Нацыянальны сход прыняў законы «Аб генацыдзе беларускага народа» і «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Цяпер неабходна ўсё гэта замацаваць на канстытуцыйным узроўні.
Спынілася дэпутат Парламента і на новай главе Канстытуцыі аб Усебеларускім народным сходзе, яго паўнамоцтвах, функцыях, кампетэнцыі, прадстаўніцтве. Парламентарый падкрэсліла важнасць Усебеларускага народнага сходу ў якасці вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч таксама адзначыў, што рэферэндум аб змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь – гістарычная падзея ў жыцці кожнага беларуса. «Кожны голас ЗА будзе голасам за будучыню Беларусі», – падкрэсліў ён.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №14 ад 22.02.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *