Обольский дзетский сад — найти свой путь

Образование

Кукольный театр в Обольском детском саду

У дзіцячым садзе шукаюць і знаходзяць рэзервы
Пабудаваны ў 1979 годзе тыпавы будынак Обальскага дзіцячага сада быў разлічаны на прыём 232 дзетак адначасова. Сёння іх тут амаль удвая менш. Для 124 маленькіх абальчан працуе 6 груп (з іх 2  – ранняга ўзросту) і першы клас.
У канцы 90-ых, як і ў іншых яслях-садах, у Обалі пазакрывалі групы ранняга ўзросту, ва ўстанове паявіліся памяшканні, якія не выкарыстоўваліся. Паступова закінутыя гульнявыя і спальныя пакоі прыйшлі ў заняпад. Сёння гэтыя пустуючыя метры вырашана зноў запусціць у справу.
“Сваімі сіламі ўзяліся за рамонт, – расказвае загадчыца дзіцячага сада Н. М. Спірыдзенка. – Вось тут будзе адноўлены пакой этнаграфіі. Збіраем прадметы побыту старажытных часоў. Аднаўляем пакоі пад зімовы сад і жывы куток”.
І тут трэба адзначыць актуальнасць замыслаў калектыву. Вырошчваннем пакаёвых дэкаратыўных раслін і, напрыклад, дэкаратыўных трусоў для жывога кутка, вельмі карысна займацца дзецям як для разумовага развіцця, так і для фарміравання працоўных навыкаў, і для выхавання беражлівых адносінаў да прыроды. Да таго ж, можна будзе па прымальных цэнах выстаўляць лішкі вырашчанага ў “батанічным садзе” на продаж і папаўняць спецрахунак. Плануюць тут закончыць рамонт малой спартыўнай залы, пакою рэлаксацыі і таксама паспрабаваць адкрыць платныя паслугі.
Сёння ў калектыве  ўведзены ў работу два творчыя праекты: па арганізацыі актыўнага адпачынку, фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці і развіцці здольнасцяў дашкалят да розных відаў спорту (выхавальніца А. В. Сухарава); па навучанні дзяцей з двух гадоў чытанню, па методыцы Зайцава (выхавальніца Н. П. Крыўко). Гэтыя праекты бясплатныя, а вось на платнай аснове арганізаваны чатыры гурткі, дзе ідзе дадатковая індывідуальная работа з дзеткамі груп “Чамучкі” і “Фантазёры” па развіцці мовы, рухаў, творчасці.
Створаны і працуе пры дзіцячым са-дзіку “Тэатр лялькі”. За артыстаў тут выхавальніцы і іх памочніцы. Каб падрыхтаваць добрую тэатральную пастаноўку для дзяцей, прыходзіцца шмат папрацаваць і з рэквізітам, і з тэкстамі. Уваход на такія спектаклі платны, а значыць, і відовішча павінна быць годным.
“Зразумела, што бюджэтных грошай на ўсё не хапае, зарабляем самі, як можам і праз аказанне платных адукацыйных паслуг, і праз забаўляльныя праграмы, і праз вырошчванне расады, – дзеліцца Наталля Мікалаеўна. – Напрыклад, за 2011 год зарабілі такім чынам больш за 6 мільёнаў рублёў.  Так і з’явіліся ў нас   тэлевізар, шторы, іншыя абновы для сада. – А самае галоўнае,  за што я вельмі ўдзячная свайму калектыву, у нас усе разумеюць, што многае можна вырашыць, калі ўзяцца самім за справу, таму і не лічацца з уласным часам і сіламі”.
Обальскі дзіцячы сад заўжды трымаў марку сучаснай дашкольнай установы, адпавядаючай па ўсіх патрабаваннях рознабаковага выхавання, навучання і аздараўлення дзяцей. І сёння, нягле-дзячы на цяжкасці часу, калектыў гэтых пазіцый не здае.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *