Проблемы производства — торфоучасток

Актуалии Экономика

“Торф – наша багацце…”
Няхай прабачаць хлебаробы за перафразаванне знакамітага лозунга “Хлеб – наша багацце”, бо можна гэтак сказаць і пра сапраўднае багацце беларусаў – торф. Неаспрэчна, што торф – паліўны рэсурс, з’яўляецца ён і важным кампанентам для кветкаводства, садаводства, агародніцтва. І, безумоўна, каб быў плён на тарфяных “палях”, як і на хлебных, трэба правесці сапраўднае “жніво”. Толькі са сваім парадкам дзеянняў. Шмат розных працэсаў, і кожнаму свой час, сваё надвор’е.
Обальскія торфаперапрацоўшчыкі перажылі часы і прыбытковасці, і блізкія да банкруцтва. Але з таго часу, як прадпрыемства далучылі да газавай гаспадаркі раёна, пачаўся новы этап у яго развіцці.
На тарфяны “прыіск” прыйшла талковая каманда, былі зроблены першыя крокі адраджэння. Як расказала эканаміст прадпрыемства Т. В. Суслава, за сем месяцаў бягучага года планавае заданне па здабычы торфу выканалі. А да адпаведнага перыяду мінулага года “прыраслі” амаль у паўтара раза.  Тэндэнцыя росту назіраецца па ўсіх паказчыках. Так, у мінулым годзе за сем месяцаў здабылі 3980 тон верхавога торфу, за такі ж перыяд бягучага – 6227 тон. Кавалкавага торфу за бягучы перыяд здабылі  2092 тоны супраць мінулагодніх 1655. У два разы павялічылі адгрузку на рэалізацыю: 2009 – 3,2 тыс. т, 2010 – 6,2 тыс. т. Павялічыліся аб’ёмы адгрузкі на экспарт (2,9 тысячы тон супраць 1,5 тысячы летась), а доларавы аб’ём экспарту прадукцыі склаў звыш 180%. Выручка ад рэалізацыі за студзень-ліпень склала 800 мільёнаў рублёў супраць 553 мільёнаў такой жа леташняй парой. Рост відавочны, але хоць страты ад рэалізацыі і знізіліся ў чатыры разы, сабекошт прадукцыі яшчэ высокі.
У апошні час на ўчастак паступіла многа новай тэхнікі, вядзецца мадэрнізацыя прадпрыемства. Ёсць планы на распрацоўку новых плошчаў на ўчастку “Сідзень”, а таксама на будаўніцтва новага цэха па перапрацоўцы торфу.
Але галоўны клопат – людзі. Распрацавана палажэнне аб спаборніцтве “Лепшы па прафесіі”, вынікі падводзяцца падэкадна, пераможцы прэміруюцца, іх імёны змяшчаюцца на Дошку гонару прадпрыемства.
На прадпрыемстве  сярод лепшых адзначаюць У. Я. Маслоўскага (на ўборцы верхавога торфу), С. В. Ціханенку(на варушэнні), С. Ф. Сянькова (на валкаванні), М. Я. Окунева (на фрэзераванні), П. В. Мядзведзева (на штабеляванні), М. А. Дзідзенку (на рассціланні кавалкавага торфу).
Ёсць пастаянны заробак, у пашане стараннасць і працалюбства, паляпшаюцца ўмовы працы. Хочацца верыць, што не за гарамі той час, калі на прадпрыемстве з упэўненасцю не толькі ў пераносным, а і ў прамым сэнсе заявяць: “Торф – наша багацце”.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Опубликовано в №63 от 17.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *