Репортаж с шахматного турнира на призы «Герой працы»

Спорт, туризм

Победитель турнира Дмитрий Шевчик (справа)

Ахвяры, цэйтнот, зявок – усё з арсенала шахматыста
Кожны раз, ладзячы шахматны турнір на прызы газеты “Герой працы”, чакаеш цікавых і захапляючых  баталій. І кожны раз гэтыя чаканні  спраўджваюцца. Праўда, у  адрозненне ад турніру-2011, калі ў асноўным збіраліся “штатныя”, не лічачы юны падлесак, на гэты прыйшоў паспрабаваць свае сілы новы сталы шахматыст, які, як пазней высветлілася, моцна згуляў.
Імя Генадзя Язымава, электраманцёра РЭС, запішам у спісы тых, хто  з першага заходу вырваў “бронзу”. Калі быць больш дакладным, Генадзь падзяліў з Мікалаем Радайкіным другое-трэцяе месцы, і толькі больш высокі гульнявы каэфіцыент Мікалая Дзмітрыевіча дазволіў яму выйсці на другое месца. Пераможцам жа стаў даўні і нязменны ўдзельнік традыцыйнага турніру газеты Дзмітрый Шэўчык.
Гэта, так сказаць, прэлюдыя да галоўнай і больш дэталёвай размовы пра тое, як праходзіў турнір. Кожны ўдзельнік згуляў па шэсць партый, і кожная мела сваю адметнасць, свой почырк. Ніхто не хацеў здавацца з першых хадоў, кожны быў нацэлены на перамогу. Для гэтага адзін браў сваім бездакорным дэбютам, другі чапляўся за кожную пешку. Трэці рызыкаваў, ахвяраваў фігурай для таго, каб паралізаваць варожы фланг, як вось Дзмітрый Шэўчык у партыі з Сяргеем Кузьмінічам. Вопытны шахматыст, Сяргей Васільевіч паддаўся, аднак, на спакусу, пешку ўзяў і неўзабаве быў пакараны: фланг “пасыпаўся”, і праз некалькі хадоў у яго застаўся голы кароль.
Бездакорныя дэбюты і ўдалы працяг партый (хаця і не заўсёды) дэманстраваў Алег Далімаеў. У яго на гэтым турніры былі і дадатковыя абавязкі – галоўнага суддзі. Тым не менш гэта не выбіла шахматыста са звыклай каляіны. Спадабалася ягоная партыя з Уладзімірам Любімавым, калі гульню ўдалося давесці да пешачнага эндшпілю, дзе больш удалым аказаўся ўсё ж  Уладзімір Мікалаевіч.
Хапала, як заўсёды, цэйтнотаў. Не хапала часу  (а на партыю кожнаму адво-дзілася па 15 хвілін) тым, аднак, хто доўга задумваўся над хадамі. У цэйтнот траплялі С. Кузьмініч, У. Любімаў, А. Далімаеў.  Удалым быў дзень 23 снежня для Дзмітрыя Шэўчыка, які выйграў усе партыі, за выключэннем дзвюх, калі разышоўся з сапернікамі мірным шляхам.
Прыемна здзівіў Генадзь Язымаў. У першай партыі з Уладзімірам Любімавым ён атрымаў перамогу і не на жарт занепакоіў іншых шахматыстаў. Пасля была партыя з Уладзімірам Грыбавым – таксама   моцным сапернікам, і таксама не вытрымалі рэдуты непрыяцеля. Уладзімір Іванавіч памыліўся з разменам фігур у сярэдзіне партыі, і гэтага было даволі, каб праз некалькі хадоў скласці свайго караля. Спатыкнуўся, вобразна кажучы, Г. Язымаў на Д. Шэўчыку – прайграў. Пасля была нялёгкая партыя з А. Далімаевым (Алег Пятровіч трапіў у цэйтнот, хаця і партыя ў яго, па ўсім відаць, была выйгрышная), і ў апошняй, рашаючай гульні з С. Кузьмінічам Генадзь выйграў.
Вось такія калізіі турніру. І яшчэ, мы шчыра ўдзячны дырэктару СШ № 1 В. В. Мяньковай за разуменне: у распараджэнні шахматыстаў да дзвюх гадзін дня быў асобны кабінет школы.
Турнір удаўся. Пераможцы атрымалі падпіску на раённую газету “Герой працы”. На заканчэнні спаборніцтваў (пасля ўручэння грамат аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызму райвыканкама яго начальнікам С. У. Каржуевым) шахматысты рашалі, у якія дні больш зручна будзе правесці першынство раёна па шахматах. Так што турнір на прызы газеты для іх – адзін з этапаў зімовых спаборніцтваў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *