19 января закончились святки

Культура Общество

Калядоўшчыкі пажадалі здароўя і багацця
19 студзеня святам Хрышчэння Гасподняга закончыліся вясёлыя зімовыя калядныя святы – з песнямі і жартамі, з пераапрананнем і добрымі пажаданнямі. Здаўна лічылася, што гаспадарам пашанцавала, калі ў іх дом завіталі калядоўшчыкі, калі яны пажадалі вам у новым годзе здароўя і багацця.
Гэтая традыцыя, гэтыя святы народнага календара жывуць і сёння. Іх актыўна прапагандуюць установы культуры раёна. Вось і 13 студзеня ў пярэдадзень старога Новага года, як нам расказала галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая, многія творчыя калектывы арганізавалі каляднае шэсце. Пераапранутыя ў Дзеда, Казу,  Мядзведзя і іншых традыцыйных персанажаў работнікі Амбросавіцкага, Суравенскага, Язвінскага сельскіх Дамоў культуры, Башнёўскага, Добрынскага, Мішкавіцкага, Полькавіцкага сельскіх клубаў вясёлай шумнай талакой завіталі да сваіх аднавяскоўцаў з каляднымі зычаннямі.
Здавалася б, гэткая дробязь, жарт, а людзям вельмі прыемна, радасна і нейкі зарад на цэлы год, за што яны вельмі ўдзячныя. Вось і ў лісце, дасланым гэтымі днямі ў рэдакцыю жыхарамі вёскі Мішкавічы (праўда, без подпісу), расказваецца, як цікава ў іх прайшлі навагоднія і калядныя святы, што работнікі мясцовага клуба на чале з загадчыцай З. А. Касьянавай правялі шмат цікавых мерапрыемстваў, а каляднае шэсце з Дзедам Марозам, Снягуркай, Казой, Цыганкай і Зімой усе жыхары віталі з захапленнем.
Нехта скажа, што ўсе гэтыя калядкі ад язычніцтва. Але ж гэта народныя традыцыі і добрая магчымасць падараць сабе і іншым радасць. Дык чаму ж адмаўляцца ад таго, што мацуе пераемнасць пакаленняў і прыносіць задавальненне?!
Ніна МАРТЫНАВА.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *