В «Ловжанском» ведут очистку семян для весенней посевной 2026 года

Сельское хозяйство

У «Лаўжанскім» чысцяць зерне на насенне

Хаця яшчэ далёка да вясенняй сяўбы, але ў гаспадарках раёна ўжо да яе рыхтуюцца – поўным ходам ідзе ачыстка насення.

На днях мы пабывалі на зернесушыльным комплексе СУП «Лаўжанскае». Неспрыяльнае надвор’е на вуліцы (імжыў дождж) не перашкаджае рабоце на зернеачышчальнай машыне ”Петкус Гігант”, якая ўстаноўлена ў арачніку. Родныя браты Яўген і Вячаслаў Корбаны ў ліпені-жніўні рупіліся тут аператарамі зернесушыльнага комплексу, а цяпер вось таксама працуюць з зернем, але ўжо на сарціроўцы. «Работа для мяне не новая, – кажа Яўген Корбан. – Паўтара дзясятка гадоў на ачыстцы. Галоўнае, каб тэхніка працавала без збояў. Насенне па шнэку паступае ў бункер, пасля ачышчаецца ад пылу і лёгкіх прымесяў, прасейваецца на рэшатах для выдалення пашкоджанага зерня. Ачышчанае зерне ўпакоўваецца ў мяшкі. За дзень ачышчаем 7-8 тон».

«Зараз ідзе ачыстка аўсу гатунку “фрыстайл”, наперадзе – яравая пшаніца, – расказала загадчыца склада Таццяна Купрыянава. – Праз кожныя ачышчаныя 30 тон да нас прыязджаюць работнікі райінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін і адбіраюць зерне на праверку.

Праверылі ўжо 130 тон – зерне адпавядае патрэбным параметрам па ўсходжасці і вільготнасці. Засталося давесці да патрэбных кандыцый яшчэ 80 тон, бо па плане гаспадарцы трэба нарыхтаваць для вясенняй сяўбы 210 тон насення».

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *