В хозяйствах Шумилинского района завершили уборку озимого ячменя. Репортаж из кабины комбайна

Главное Новости Сельское хозяйство

Кліча золата хлебнай нівы

Праз прызму шкла і гул матора: рэпартаж з кабіны камбайна на ўборцы азімага ячменю.

Калі стаіш на краі поля, жніво здаецца прыгожай і велічнай карцінай: магутныя караблі-камбайны плаўна ідуць па залатым акіяне, пакідаючы за сабой роўныя радкі залацістай саломы. Але як гэтая «бітва за хлеб» выглядае знутры? Каб адчуць пульс уборачнай кампаніі, карэспандэнт раённай газеты адправілася на палеткі ААТ «АграБаравінка» і паднялася ў кабіну збожжаўборачнага камбайна, на якім працаваў Аляксей Сідараў.

У кабіне сучаснага камбайна, які нагадвае камандны пункт вышынёй у тры метры, адчуваеш сябе камфортна. Тут халаднавата – кандыцыянер ратуе ад спёкі. Пыл сюды не пранікае – усё герметычна.

Камбайн паволі плыве па полі, хуткасць невялікая – чатыры-пяць кіламетраў у гадзіну. Прастор поля здаецца неабсяжным – 85 гектараў ячменю гатунку «буслік». Наперадзе круціцца вялікае матавіла, якое беражліва захоплівае каласы азімага ячменю і адпраўляе іх пад нож. Секунда – і каласы, якія яшчэ хвіліну таму хісталіся ад ветру, ператвараюцца ў зерне.

Перад вачыма камбайнера – датчыкі, маніторы, за якімі сочыць Аляксей Сідараў. На экране камп’ютара ў рэальным часе адлюстроўваюцца галоўныя лічбы: вільготнасць збожжа, хуткасць руху, напоўненасць бункера ў працэнтах. «Гэта толькі здаецца, што камбайн сам усё робіць, – усміхаецца Аляксей, не зводзячы вачэй з загона. – Трэба кожную секунду адчуваць машыну. Азімы ячмень – культура далікатная. Крыху хутчэй паехаў – і пайшлі страты, замарудзіўся – губляеш каштоўны час. А яшчэ трэба сачыць, каб жняярка ідэальна капіравала рэльеф палеткаў».

У бункер магутным струменем ліецца сапраўднае «залатое» багацце. Пах у кабіне стаіць непаўторны – свежага збожжа і летняга сонца.

Раптам на панэлі загараецца і пачынае міргаць сігнал, камп’ютар падае гукі пра тое, што бункер запоўнены на 100%. Гэта значыць, у ім крыху больш за пяць тон духмянага ячменю. Камбайнер рухаецца да краю поля, дзе чакае МАЗ, каб адвезці збожжа на зернесушыльны комплекс. Выгрузка – самы відовішчны момант. Вялікі шнэк выкідвае доўгую трубу прама над кузавам грузавіка. Літаральна за пару хвілін зерне аказваецца ў кузаве, пакідаючы пасля сябе воблака саламянага пылу. МАЗ тут жа рушыць у бок збожжатока, а камбайн зноў накіроўвае жняярку на загон.

У гэты час вызваліўся Іван Шумскі, напарнік Аляксея Сідарава, які працуе яшчэ і на трактары «Беларус-3522» – адказвае за буксіроўку камбайнаў. На жаль, пасля вялікіх дажджоў КЗСы на палетках месцамі буксуюць – без магутнага энерганасычанага трактар не абысціся.

«За дзень намалоцім больш за дзесяць бункераў, – падлічылі камбайнеры Аляксей Сідараў і Іван Шумскі. – Ячмень вырас нядрэнны – невысокі, але густы. Будзем працаваць да цёмнага, да першай вячэрняй расы».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *