ВАЎЧКІ: тут жывуць адны дачнікі
Вёска Ваўчкі размешчана ў сямі кіламетрах ад гарадскога пасёлка Обаль, і жывуць тут адны дачнікі. Прычым, усе яны так ці інакш звязаны з гэтым населеным пунктам: з’яўляюцца яго ўраджэнцамі ці іх сваякі тут калісьці жылі.
Сезонныя жыхары сочаць за парадкам на сваіх падворках, саджаюць кветкі, даглядаюць агароды. Яны розныя па характары і прафесійнай прыналежнасці (вадзіцелі, медыкі, абутнікі, лабаранты, майстры аўтаматызацыі хімічнай вытворчасці, швачкі, рабочыя), але іх аб’ядноўвае адно – любоў да малой радзімы.
УЗВЁЎ ДВУХПАВЯРХОВЫ ДОМ
Анатоль Волкаў ведае пра вёску многае. Ён тут нарадзіўся, закончыў Лявонаўскую школу. Кажа, што большасць вяскоўцаў працавалі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве – калгасе імя Мічурына, многія мелі прозвішча Волкавы. Таму паміж сабой сем’і называлі не па прозвішчы, а па імені па бацьку – каб не было блытаніны.
Анатоль Іванавіч пастаянна прыязджаў у вёску з Наваполацка, дзе жыў і працаваў. Спачатку да бацькоў, а калі іх не стала, на сямейным савеце вырашылі пабудаваць у Ваўчках дом. Так у роднай вёсцы з’явілася двухпавярховая сядзіба, а разам з ёй лазня і піларама. Сюды прыязджае адпачываць і дапамагаць сын з сям’ёй. Занятак знойдзецца ўсім – ёсць вялікі агарод, расказала Зінаіда Стэфанаўна, жонка Анатоля Іванавіча, якую заспелі за работай у парніку.
Анатоль Волкаў – адзіны дачнік, хто застаецца ў вёсцы на зіму, да нядаўняга часу трымаў каня.
«МЫ НЕ Ў КАЛГАСЕ – У КОЖНАГА СВОЙ АГАРОД»,
— заўважае Сяргей Гудкоў з Наваполацка, расказваючы пра сваю і сынаву сям’ю. Хаця ўзаемадапамогу ў праполцы ніхто не адмяняў – за гэтай справай мы заспелі Сяргея Пятровіча і яго сына Валерыя. Сяргей з жонкай Ларысай пасяліліся на лета ў бацькоўскім доме, а Валерый купіў хату непадалёк. Абодва лічаць, што Ваўчкі – рай для душы, тут няма тлуму і нават рэдка праязджае аўтамабіль.
Па дамоўленасці з Обальскім сельвыканкамам на час дачнага сезона сюды прыходзіць аўталаўка па графіку – можна купіць неабходныя прадукты. Смецце забірае смеццявоз з УП ЖКГ, а дровы прывозяць прыватнікі. Адным словам, усё задавальняе.
МЕСЦА ЛЕТНЯГА ВЯРТАННЯ
Любоў Чарапанава прыязджае на лета ў бацькоўскі дом з Віцебска. У будні яна тут адна, на выхадныя наведваюцца сын і дачка, дзве ўнучкі, двое братоў. Цягне сюды нібы магнітам і Валянціну Плікус з Наваполацка. Ваўчкі сталі месцам летняга пражывання для многіх сем’яў.
МЯДЗВЕДЗЯ НЕ БАЧЫЛІ, АЛЕ БАЯЦЦА
Дачнікі Ваўчкоў часта наведваюцца ў лес, які знаходзіцца за вёскай, за чарніцамі, суніцамі, брусніцамі. Ходзяць не па аднаму, а групай – баяцца мядзведзяў, якіх, між іншым, яшчэ ніколі не сустракалі. У вёску наведваюцца толькі алені і зайцы, расказала Надзея Жогаль, якая прыехала ў Ваўчкі разам з мужам Анатолем Драздовым. Яны два гады таму правялі ў дом электраацяпленне – ім карыстаюцца і летам у дажджлівыя халодныя дні.
Дачнікі жывуць дружна, прыглядаюць за дамамі суседзяў, калі тыя ад’язджаюць у горад. Вось і Валерый з Таццянай Лісіца, якія працуюць у Наваполацку і прыязджаюць у выхадныя, спакойна пакідаюць сядзібу, на якой трымаюць курэй. Ведаюць, што ўсё пад пільным суседскім кантролем.
Адно, да чаго маюць прэтэнзіі, – дрэнная мабільная сувязь.
СЛАВУТЫЯ ГЕРОІ
Вяскоўцы ведаюць і з гонарам расказваюць, што ў Ваўчках нарадзіўся і жыў удзельнік вядомай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» Фёдар Слышанкоў. У жніўні 1943 года ён быў арыштаваны разам з іншымі падпольшчыкамі і расстраляны ў в. Баравуха Полацкага раёна. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
АДКУЛЬ ПАЙШЛА НАЗВА ВЁСКІ?
Даўней землі, дзе зараз размешчаны Ваўчкі, уваходзілі ў склад былой Міхалаўшчынскай воласці Полацкага ўезда Віцебскай губерні. Населены пункт быў вядомы як фальварак і адносіўся да мясцовага царкоўнага прыходу. Старажылы расказвалі дачнікам, што ў населенага пункта тры версіі паходжання назвы. Першая звязана з прозвішчам – кажуць, што спачатку сюды пасяліўся Волкаў (яго ў народзе называлі Ваўчок). Другая версія звязана з ляснымі звярамі. Непадалёк лес, дзе многа ваўчыных сцежак. І, нарэшце, трэці варыянт: у навакольных лясах было многа буякоў, а іх вясковыя людзі называлі ваўчкамі. Гэтыя ягады злёгку кружылі галаву чалавеку. З гэтай прычыны атрымаў цікавую назву хутар, што быў размешчаны непадалёк ад Ваўчкоў, – Пяніца.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ ПРА ВАЎЧКІ
Вёска налічвае 11 дачных дамоў. Жывуць дачнікі з Полацка, Наваполацка і Віцебска.
У Ваўчках шэсць калодзежаў: адзін – грамадскі і пяць прыватных.
У адным доме праведзена электраацяпленне, астатнія ацяпляюцца грубкамі і печкамі.
Да бліжэйшай вёскі Лявонава – паўтара кіламетра.
Двое гаспадароў трымаюць курэй, адзін – пчол.
Старэйшы дачнік размяняў восьмы дзясятак, маладзейшаму – сорак гадоў.
Акрамя звычайнай гародніны дачнікі вырошчваюць кавуны.
Аўталаўка ў вёску прыходзіць толькі ў дачны сезон.
У вёсцы ёсць два ўчасткі, якія можна набыць для будаўніцтва.
На сённяшні дзень у вёсцы прадаецца адзін дом.








