Юбилею комсомола посвящается

Общество

“Нам хацелася зрабіць свет лепшым”
У аўторак, 29 кастрычніка, у Обальскім гарадскім Доме культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 95-годдзю з дня ўтварэння  Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. На мерапрыемства сабраліся былыя камсамольцы, сённяшнія члены БРСМ, вучні і настаўнікі Обальскай школы.
Вядучыя мерапрыемства расказалі пра ўтварэнне камсамола, пра тыя камсамольскія арганізацыі, якія славілі Обальшчыну і наш раён. Шмат камсамольцаў працавала на Обальскім керамічным заводзе, у мясцовай школе, на торфапрадпрыемстве імя Даўмана. Гэта яны, камсамольцы 70-80-х гадоў, удзельнічалі у сацыялістычных спаборніцтвах, перавыконвалі даведзеныя планы. З камсамольцаў бралі прыклад, на іх раўняліся.
На свяце прысутнічалі былыя камсамольскія важакі. Як, напрыклад, З. В. Аляксеева, якая калісьці ўзначальвала камсамольскую арганізацыю торфапрадпрыемства імя Даўмана. Зінаіда Васільеўна шчыра і цёпла расказала пра былых камсамольцаў, іх работу і вольны час. “Камсамол – гэта гучала горда, – адзначыла жанчына. – Быць камсамольцам было ганарова і пачэсна. І мы стараліся быць дастойнымі ва ўсім. Нам хацелася зрабіць свет лепшым. Мы добра працавалі на прадпрыемстве, праводзілі нямала суботнікаў па навядзенні парадку. Саджалі паркі і алеі. Вучыліся ў вячэрніх школах, наведвалі бібліятэкі. Увогуле чыталі вельмі шмат”.
Пра камсамольскую падпольную арганізацыю “Юныя мсціўцы” расказала прысутным дырэктар музея Обальскага камсамольскага падполля Л. П. Лузгіна. “Мы сёння ганарымся обальскімі камсамольцамі, якія абаранялі Радзіму і нямала зрабілі дзеля будучай Перамогі, – адзначыла Лёля Паўлаўна. –  У цяжкія часіны камсамольцы даказалі сваю любоў да Радзімы. Яны не баяліся цяжкасцей, былі і на перадавой, і ў партызанскіх атрадах. Запрашаем усіх наведаць наш музей, дзе больш  падрабязна можна дазнацца пра жыццё і подзвіг камсамольцаў”.
Камсамолу – 95 гадоў. Пра яго станаўленне, пра самыя першыя крокі можна было даведацца з дакументальнага фільма “Утварэнне камсамола”, які паказалі на мерапрыемстве работнікі “Шумілінскай кінавідэасеткі”. Цікава, што ў 70-я гады ў радах Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі знаходзілася больш за 28 мільёнаў маладых людзей.
На свяце ў Обалі гучалі песні і вершы, якія былі калісьці вельмі папулярныя сярод камсамольцаў. І многіх яны краналі за душу, бо менавіта з гэтымі песнямі (ў тым ліку і абальчане) ехалі асвойваць цалінныя землі ці будаваць ДнепраГЭС.
Работнікі мясцовай бібліятэкі прымеркавалі да святочнага мерапрыемства выставу “Успомні юнацтва сваё”.  Выстава падалася цікавай і пазнавальнай. Тут было шмат матэрыялаў пра камсамольцаў-падпольшчыкаў, пра многіх нашых землякоў, якія славілі шумілінскі край сваёй руплівай працай. Цікава было пачытаць і нататкі з газеты “Сталінскі сцяг” (былая назва “Герой працы” – аўт.), датаванай 1948 годам, пра камсамольцаў Обальшчыны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *