Памяти Александра Семёновича Рассказова – Героя Советского Союза

Актуалии

КАБ ВЕЧНА ІМЯ ГЕРОЯ ЖЫЛО Ў СЭРЦАХ НАШЧАДКАЎ
Гады могуць сціраць з памяці чалавека многае. Нават тое, што ўчора ці многа гадоў назад здавалася святым і непарушным. Аднак важна, каб тое, што павінна заставацца святым і некранутым, жыло з пакалення ў пакаленне. Каб шанавалася ўнукамі і праўнукамі тое, што было дарагім для нашых дзядоў і прадзедаў.
Менавіта такія матывы абудзілі ў ініцыятыўнай групы Мішневіцкага сельсавета (Анатоль Бычкоў, Фёдар Юркевіч, Браніслаў Раманаў і Уладзімір Трафімаў) даць, калі хочаце, другое жыццё памяці Аляксандра Сямёнавіча Расказава – Героя Савецкага Саюза, які загінуў, вызваляючы мішневіцкую зямлю ў чэрвені 1943 года. Камандзір сапёрнага аддзялення пад агнём праціўніка забяспечыў з байцамі праход у мінным полі, загінуў пры ўзрыве…
Да 70-годдзя вызвалення Мішневіч ад фашысцкай няволі было прымеркавана адкрыццё на фасадзе аднайменнай школы мемарыяльнай дошкі Аляксандру Сямёнавічу Расказаву. На ўрачыстасці сабраліся вучні, мясцовыя жыхары, ветэраны. Адкрыў мітынг старшыня Мішневіцкага сельсавета Л. А. Гаўрыленка.
– За вызваленне нашага раёна 106 воінам-вызваліцелям прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза, – сказаў прамоўца. – Сярод іх і Аляксандр Расказаў. З 540 жыхароў аграгарадка Мішневічы 295 пражываюць на вуліцы Расказава…
Член ініцыятыўнай групы старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Ф. П. Юркевіч прыгадаў гісторыю адкрыцця барэльефа, устаноўленага дзякуючы аднаму з мясцовых мастакоў. Тады было вырашана занесці навечна імя Героя ў спісы рабочых мясцовай гаспадаркі, а яго зарплату пералічваць у Фонд міру. З часам барэльеф прыйшоў у непрыгоднасць. Больш таго, вёска Валатоўкі, дзе помнік А. С. Расказаву, далёка ад цэнтра, няма па сутнасці добрага пад’езду да могілак. Таму і ўзнікла ідэя мемарыяльнай дошкі на фасадзе школы.
Запэўніла ў тым, што памяць пра А. С. Расказава будзе вечнай, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ Аксана Цітова.
Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку маюць Ф. П. Юркевіч і У. Л. Трафімаў. Пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў сценах школы быў праведзены ўрок мужнасці “Наш герой”. Вучні выступілі з літмантажам, спявалі песні, сямёра вучняў 1 класа ўрачыста прыняты ў акцябраты. Перад прысутнымі выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава ўручыла Ганаровыя граматы ветэранскай арганізацыі раёна членам ініцыятыўнай групы Мішневіцкага сельсавета. А пяцёра ветэранаў Вялікай Айчыннай, якія не змаглі па стану здароўя прыйсці на ўрачыстасці, атрымалі віншавальныя паштоўкі і сувеніры прама на даму.
Мікалай МАРОЗ.
Фота Аляксандра ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №90 ад 19.11.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *