Дружинники: «Порядок поддерживаем вместе с милицией»

Бяспека Закон Общество

Ахоўваюць вуліцы нашага горада
“Асноўнай формай удзелу жыхароў раёна ў ахове правапарадку з’яўляюцца добраахвотныя дружыны, – гаворыць старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС А. А. Шаціла. – Хочацца адзначыць, што апошнім часам актывізавалася работа маладзёжнай добраахвотнай дружыны. Маладзёжны атрад аховы правапарадку налічвае паўтара дзесятка чалавек. Работай хлопцаў мы задаволены”.
Маладзёжны атрад дзяжурыць па пятніцах з сямі гадзін вечара да апоўначы. Бывае, што і пазней. Сярод членаў добраахвотнай дружыны – пажарныя-выратавальнікі, вадзіцелі, механізатары, настаўнікі. Дзяжураць дружыннікі па два чалавекі, кожнаму з іх па графіку выпадае ахоўваць грамадскі парадак адзін раз у два месяцы. Часцей за ўсё дружыннікі працуюць разам з участковымі, патрулююць вуліцы горада, наведваюць тых, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, бываюць у неблаганадзейных сем’ях.
Вядома, дружыннікі не займаюцца затрыманнем злосных злачынцаў, але садзейнічаюць таму. Напрыклад, нядаўна ўчастковаму дапамагаў Яўген Кузняцоў з Амбросавіч, на ўласнай машыне даставіў хуліганаў у райаддзел.
“Часта дзяжурым у грамадскіх месцах, – расказвае першы сакратар райкама ГА БРСМ Ю. С. Галуза, – ля “Блюза”, “Метана”, “Каравана”. Моладзь, якая наведвае гэтыя ўстановы, ведае нас. Не тое што баіцца, але ўсё ж асцерагаецца высвятляць адносіны з кулакамі, бо рызыкуе апынуцца ў міліцыі”.
Некалькі разоў маладзёжнаму атраду прыходзілася разбірацца з непаўналетнімі, якія аблюбавалі “Блюз”. Цвярозых проста выводзілі адтуль і адпраўлялі дадому. А вось  п’яных падлеткаў вазілі ў райбальніцу, правяралі ступень ап’янення. Яны пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.
Маладзёжны атрад аховы правапарадку рэгулярна прымае ўдзел у акцыях “Абаронім вуліцы ад алкаголю”. “Дзяжурым на дыскатэках,–  расказвае Алег Кавалёў, малады дружыннік з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. – Мне здаецца, што апошнім часам паводзіны хлопцаў і дзяўчат на дыскатэках сталі больш прыстойнымі: каму ж хочацца трапляць у міліцыю і нажываць сабе непрыемнасці? Увогуле для мяне патруляванне на ву-ліцах – справа не новая, бо служыў у арміі, там навучыўся многаму”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №89 ад 16.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *