Адным вернуць дзяцей, у другіх забяруць

Общество Семья

Адным вернуць дзяцей, у другіх забяруць
Нячаста пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх пачынаецца з такой пазітыўнай сітуацыі, якая адбылася на мінулым тыдні.
Перад намі –  сямейная пара з райцэнтра, у якой пяць месяцаў таму ў прытулак забралі  сына. Адразу пасля гэтага яны кардынальна памянялі свой стыль жыцця: работа без прагулаў, дома – парадак і дабрабыт. За гэтымі сямейна-працоўнымі буднямі зусім забыліся пра спіртное. Дзеля сына, дзеля  вяртання яго ў сям’ю.  “Усё, давайце рашэнне хутчэй, – прыспешваў бацька членаў камісіі. – Адразу еду за сынам у Обаль”. І такая сітуацыя яўна ўсіх парадавала, а бацькам, хочацца верыць, гэты выпадак стаў добрым урокам. Калі выходзілі з кабінета, апроч развітання  ад іх прагучала “Дзякуй за тое, што так сталася…”
Таксама на камісію была выклікана маці з Язвіна, у якой нядаўна забралі  дваіх дзяцей у прытулак. Але і тут сітуацыя кардынальна змянілася. Маці кінула піць, на працу ходзіць без прагулаў, дома зрабіла рамонт, ды і даўгі па квартплаце і на ўтрыманне дзяцей “таяць” на вачах. Адным словам, робіць усё, каб вярнуць дзяцей дадому.
На гэтым увесь пазітыў закончыўся. Завітала шматдзетная сям’я з Шуміліна. Ім зусім нядаўна далі сацыяльнае жыллё. Але яно не стала для іх пачаткам новага жыцця. Маці нідзе не працуе. У кватэры пастаянна збіраюцца кампаніі і чыняць п’янкі-гулянкі. А вось да дзетак справы няма.
Яшчэ адна жанчына, выкліканая на камісію, у свой час працавала галоўным бухгалтарам на адным з прадпрыемстваў раёна. Але “зялёны змій” зрабіў сваю справу: ні работы, ні утульнасці дома. Ды і бацькоўскія абавязкі далёка не на першым плане.
Рашэнні камісіі ў адносінах гэтых гора-бацькоў аднолькавыя: да 1 верасня кінуць піць (з дапамогай урача ці кадзіроўкі), навесці дома парадак і не прагульваць работу. Калі хаця б адзін пункт не будзе выкананы, дзяцей забяруць у прытулак.
Акрамя гэтага, на камісіі былі разгледжаны ўчынкі непаўналетніх, якія распівалі піва, парушалі правілы дарожнага руху.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №63 ад 19.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *