Редакцию попросили перевести английский текст инструкции

Общество

Калі ласка, толькі па-англійску
З рознымі просьбамі звяртаюцца чытачы раённай газеты на “гарачы тэлефон” рэдакцыі. Але ў гэты раз просьба аказалася зусім нечаканай.
Валянціна Сяргееўна Храмцова (Обальскі сельсавет) расказала, што ёй, як і яе суседзям, спецыялісты раённага вузла электрычнай сувязі замянілі звычайны тэлефон на бесправадны. Апарат выдатна працуе, выдалі і ўстанавілі яго бясплатна – цяжка ўявіць, чым тут можна быць незадаволеным. Жанчына расказала,  што новая тэхніка мае масу функцый, але карыстацца дасягненнямі тэхнічнага прагрэсу ў яе няма ніякай магчымасці. Інструкцыю па карыстанні прыборам не выдалі. Яна ёсць толькі ў РВЭС, і толькі на англійскай мове.
“Можа, вы перакладзяце інструкцыю ды надрукуеце ў газеце, – выказала незвычайную просьбу жанчына. – Вы не падумайце, я не адна такая, нас многа.” На пытанне: а якімі функцыямі тэлефона вы хацелі б карыстацца, жанчына адказала лаканічна – усімі.
В. С. Храмцова заўважыла, што не раз звярталася ў сервісную службу РВЭС, але безвынікова: інструкцыя на англійскай,  нічым дапамагчы не можам, – не абцяжарваючы сябе клопатам увайсці ў становішча свайго кліента, адказваў спецыяліст.
Але чаму не могуць дапамагчы? Чамусьці жаданне нашай чытачкі не здаецца такім ужо  неабгрунтаваным і невыканальным.
Марына МАЛІНІНА.
Надрукавана ў №6 ад 23.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *