Спорт-дайджест

Спорт

Шумилинские волейболистки

Валейбол
У мінулую суботу ў ДЮСШ прайшоў традыцыйны валейбольны турнір сярод жаночых каманд, у якім прынялі ўдзел дзве каманды з Шуміліна, а таксама валейбалісткі з Міёр і Віцебска.
Сапраўдным падарункам балельшчыкам стала выступленне нашай дарослай каманды. Людміла Харкавец, Рыта Бяззубенка, Анжэла Шафірава, Таццяна Лазоўская, Вікторыя Дубко і Святлана Юшчанка ў кожнай сустрэчы паказалі якасную і прыгожую гульню. Ды і спартыўная ўдача была яўна на баку нашых зямлячак. Як вынік – пераканаўчыя перамогі над міёрскімі і віцебскімі валейбалісткамі і першае месца на хатнім турніры. Другая наша каманда – ДЮСШ – заняла трэцяе месца, з юных валейбалістак больш сталую гульню паказалі Валерыя Акуневіч і Ганна Белавусава.
Міні-футбол
16 сакавіка ў спартыўнай зале ФСК “Здароўе” ўпершыню разыгрываўся кубак раёна па міні-футболе сярод дзяўчат.
Свае каманды выставілі Кардонская (два саставы), Слабадская і Сіроцінская школы. Кубак выйгралі спартсмены каманды “Кардон-2”, другое месца ў “Кардон-1” (абедзве каманды трэніруе настаўнік фізкультуры П. А. Чарнышоў), трэцяе месца ў Сіроцінскай школы (трэнер А. П. Ходзюш). Лепшым футбалістам турніру была прызнана Ірына Афанасьева з Кардона.
Добра паказалі сябе галкіпер Аляксандра Кралько (Кардон), абаронца Таццяна Старавойтава (Сіроціна), паўабаронца Вікторыя Карэліна (Слабада) і нападаючы Кацярына Сідарава (Кардон).
Баскетбол
Цікавымі выдаліся спаборніцтвы па баскетболе, якія праходзілі ў рамках традыцыйнай штогадовай спартакіяды сярод школьнікаў.
Сярод гарадскіх школ вызначыліся каманды з СШ № 1 (настаўнікі фізкультуры А. В. Асташонак і Г. У. Садохін) і Обальскай СШ (трэнер П. В. Ганушчанка), якія атрымалі перамогу адпаведна сярод хлопцаў і дзяўчат.
Прызавая тройка лепшых баскетбалістаў сельскіх школ раёна: першае месца – раённая гімназія (С. П. Вашадок), другое – Мікіціхінская СШ (А. Я. Асташонак), трэцяе – Мішкавіцкая школа (В. А. Гусакоў). Лепшыя баскетбалісткі – у Мікіціхінскай СШ. У прызавой тройцы таксама каманды з гімназіі і Лаўжанскай СШ (Ю. М. Мясаедаў).
Грэка-рымская барацьба
У Віцебску адбыўся прадстаўнічы рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза С. Гараўца.
У турніры прынялі ўдзел юныя выхаванцы вядучых школ рэспублікі па грэка-рымскай барацьбе,  у тым ліку з Мінска і Мінскай вобласці. Паспяхова на спаборніцтвах выступілі обальскія барцы, якіх трэніруе Пётр Ганушчанка. Пераможцамі турніру сталі Уладзіслаў Грачухін (вагавая катэгорыя 53 кг) і Арцём Сачыўка (32 кг). Другое месца ў Ягора Ганушчанкі (35 кг), трэцяе – у Мікіты Малашэнкі (32 кг).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №22 ад 25.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *