В Шумилино прошёл областной турнир па волейболу

Спорт, туризм

Вопыт многага каштуе
У мінулую суботу ў ДзЮСШ прайшоў абласны турнір па валейболе сярод мужчынскіх каманд, прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Удзел у спаборніцтвах прынялі тры каманды гаспадароў (“ветэраны”, моладзь і ДзЮСШ) і тры каманды гасцей (Наваполацк, Бешанковічы і Сянно).

На турніры прысутнічалі старшыня райвыканкама А. І. Снараў і намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава.
Турнір падарыў цікавыя і ўпартыя сустрэчы – узровень каманд быў прыкладна роўны.
Для каманды ДзЮСШ, узмоцненай двума яе выпускнікамі – Аляксеем Аляшкевічам і Яўгенам Цырулікам, турнір стаў сапраўдным выпрабаваннем. Валейбалістам прыйшоў час заяўляць пра сябе і на дарослым узроўні. Зразумела, што вопыту ў супрацьстаянні са сталымі спартсменамі ім не стае, гэта і стала прычынай таго, што каманда не трапіла ў прызавую тройку. Але яны змагаліся, стараліся – іх перамогі яшчэ наперадзе. Годную гульню на спаборніцтвах паказаў Ілья Пальвінскі.
У каманды моладзі сабраліся адны з лепшых валейбалістаў Шуміліна “залатога валейбольнага ўзросту”, да ўсяго ж за гэту каманду выступаў і прафесійны ігрок Арцём Масько. Толькі вось ўдача ў гэты дзень яўна адвярнулася ад каманды, як вынік – выніковае трэцяе месца. Лепшым іграком у камандзе быў Дзмітрый Суханаў.
Толькі ўхвальных слоў заслугоўвае каманда “ветэранаў”, за якую ігралі Сяргей Аксёнаў, Сяргей Абраменка, Антон Сілін, Сяргей і Яўген Завадскія, Аляксей Лебядзінскі, Аляксандр Іваноўскі і Яўген Хадзянок. Вопыт ёсць вопыт: у рашаючых момантах валейбалісты дзейнічалі спакойна і разважліва, не давалі ні аднаго шансу сваім сапернікам. Каманда выйграла турнір.
Добрыя каманды былі і ў гасцей. Другое месца змаглі заваяваць наваполацкія валейбалісты. Камандзе-пераможцы быў уручаны кубак, прызёры турніру ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №28 ад 08.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *