Валанцёры з Амерыкі прыехалі ў Мікалаева

Актуалии Общество

Валанцёры з Амерыкі прыехалі ў Мікалаева

У мінулым годзе Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Сафія” дапамагло аддзяленню кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту ТЦСАН, што ў Мішневічах: купілі ложкі, шафы, тумбачкі, посуд, пасцельную бялізну. Калі валанцёры аб’яднання даведаліся, што састарэлыя грамадзяне знаходзяцца і ў Мікалаеўскай бальніцы сястрынскага догляду, абяцалі дапамагчы. І абяцанне выканалі: нядаўна ў медыцынскую ўстанову прывезлі неабходнае абсталяванне.

“Мы пабагацелі на пяць функцыянальных ложкаў з матрацамі, на 20 камплектаў пасцельнай бялізны, на посуд для харчаблоку, – расказала загадчыца Мікалаеўскай бальніцы сястрынскага догляду Людміла Каранеўская. – Акрамя таго, у нас абнавілася абсталяванне ў пральні: нам падарылі дзве пральныя і сушыльную машыну. Працаваць стала больш зручна”.
Каб упэўніцца ў якасці абсталявання, прывезенага ў Мікалаеўскую бальніцу, і паглядзець як актыўна яно выкарыстоўваецца, у пачатку гэтага тыдня на Мікалаеўшчыну прыехалі валанцёры грамадскага аб’яднання са Злучаных Штатаў Амерыкі – Пол і Уэндзі Дотсаны, якіх суправаджаў выканаўчы дырэктар “Сафіі” (ён жа перакладчык) Сяргей Зубовіч.  Дотсаны расказалі, што нядаўна выйшлі на пенсію. Каб не сядзець без справы і прыносіць карысць людзям, звярнуліся ў аб’яднанне “Сафія”, якое фінансуецца гуманітарнай службай Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён.  “Грошы на дабрачынныя справы збіраюць людзі ў многіх краінах свету, каб дапамагчы людзям, прынесці ім радасць, – адзначыў Пол. –  У мінулым банкір, я ведаю, што грашыма трэба распараджацца ўмела. І мы паступаем менавіта так.
Увогуле мы вельмі рады, што нас накіравалі на дабрачынныя справы ў Беларусь – краіну, дзе жывуць шчырыя і працавітыя людзі. Наша місія тут будзе доўжыцца два гады. Трэба адзначыць, што зроблена нямала. Толькі ў Віцебскай вобласці летась аказалі дабрачыннай дапамогі на 119904 рублі: закуплена неабходнае абсталяванне ў Аршанскі, Браслаўскі дамы-інтэрнаты, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання ў Расонах, Максімаўскі і Бабініцкі псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў”.
Пол і Уэндзі Дотсаны пабывалі ў палатах Мікалаеўскай бальніцы сястрынскага догляду, пагаварылі з пацыентамі (іх зараз у бальніцы 14), пацікавіліся, ці зручна на новых ложках. Увогуле амерыканскія валанцёры засталіся задаволенымі ўбачаным: у бальніцы чыста і ўтульна, створаны ўсе ўмовы для знаходжання і лячэння.
Галоўны ўрач райбальніцы Канстанцін Баканаў падзякаваў валанцёрам за дапамогу. А паколькі прадстаўнікі “Сафіі” цікавіліся медыцынскім абслугоўваннем на тэрыторыі нашага раёна, Канстанцін Фёдаравіч расказаў пра Обальскую бальніцу, дзе таксама ёсць аддзяленне сястрынскага догляду. Магчыма, і ёй дабрачыннае таварыства акажа дапамогу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *