Вот такие инициативные люди живут в Суровнях

Общество Сельское хозяйство

У “нашай хатцы” будзе свята
Не плысці па цячэнні жыцця, а самім паварочваць яго ў патрэбны бок – такімі прынцыпамі  кіруюцца актывісты з Сураўнёў. Калі вёска была цэнтрам саўгаса “Казьяны”, тут і клуб быў, і бібліятэка, і школа. А зараз, калі ўсяго гэтага няма, то куды можна пайсці людзям, дзе сабрацца і абмеркаваць надзённыя праблемы жыцця?  Пытанне стала рубам, і мясцовыя актывісты на чале са старшынёй ветэранскай арганізацыі КУСГП “Мішневічы” Людмілай Дарафеевай звярнуліся да раённай улады з просьбай выдзеліць вяскоўцам  адно з памяшканняў школы. Просьбу задаволілі. Вясной вяскоўцы атрымалі ў сваё распараджэнне памяшканне былой школьнай майстэрні. І адразу ўзяліся за работу: часткова адрамантавалі дах, зрабілі веснічкі і лавачку, паклеілі шпалеры, павесілі фіранкі. Вяскоўцы сталі называюць гэта памяшканне цёпла і проста – “наша хатка”. І яна, па сутнасці, стала цэнтрам грамадскага жыцця, замяніла сельскі клуб. Зараз тут збіраюцца людзі на розныя святочныя мерапрыемствы ці сходы.  Напрыклад, на 9 мая і Дзень Незалежнасці тут арганізавалі сапраўдныя святы з песнямі і танцамі, на якія прыйшлі не толькі людзі сталага ўзросту, але і маладыя. Вяскоўцы ўпэўнены, што ў “нашай хатцы” пройдзе яшчэ не адно мерапрыемства. Выручае памяшканне і ў даждлівае надвор’е – тут можна пачакаць бібліёбус ці малаказборшчыка.
“У мяне многа памочнікаў, – кажа Л. А. Дарафеева. – Напрыклад, В. А. Сяргеева, Н. А. Кузьмічова, Н. Я. Мартынава, П. З. Шумінскі і многія іншыя. Разам са сваімі землякамі мы даглядаем тэрыторыю былой школы і клуба: прыбіраем, саджаем кветкі, месцамі рамантуем агароджу. На такія суботнікі адклікаюцца многія вяскоўцы. Сёлета нашы мужчыны абрэзалі галінкі ў школьным яблыневым садзе – няхай радуе багатым ураджаем. Акрамя таго, нашы актывісты наведваюць ветэранаў працы, дапамагаюць адзінока пражываючым і хворым. Увогуле ў вёсцы жывуць вельмі дружныя людзі. І калі трэба, скажам, дапамагчы бабулі прынесці вады, схадзіць за прадуктамі ў магазін ці спадарожна купіць у гарадской аптэцы лякарства – дапамагае кожны. Так павінна быць пры добрых суседскіх адносінах. І я рада, што менавіта так і ёсць у нашай вёсцы”.
Сураўнёўскія актывісты аб’ядноўваюць не толькі ветэранаў працы, але і маладзейшых, увогуле ўсіх тых, хто жыве ў вёсцы. Напрыклад, у “нашай хатцы” былы бібліятэкар Н. А. Кузьмічова арганізавала гурток “Аднасяльчанка”. Жанчыны дзеляцца сакрэтамі догляду за гародам, кулінарнымі рэцэптамі, абмяркоўваюць праекты будучых вясковых святаў і медыцынскія парады. Адну з іх, дарэчы, укаранілі ў жыццё: жадаючыя збіраюцца разам і ходзяць пешшу па тры і больш кіламетры, а летам ездзяць на веласіпедах.
Вясковыя актывісты даглядаюць і мясцовы храм Покрыва Прасвятой Багародзіцы. На ім устаноўлены купал, нядаўна з Віцебска прывезлі другі. “На Пятра Захаравіча Шумінскага ўся надзея – збярэ сваіх аднадумцаў і ўстановіць другі купал”, – расказалі вяскоўцы. Да такіх памочнікаў адносяцца Віктар Рудзякоў, Генадзь Салаўёў і ўвогуле ўсе добраахвотнікі, хто далучыцца да добрай справы.
Дзякуючы ветэранскаму актыву і нераўнадушным вяскоўцам, у Сураўнях ніхто не застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. Іх заўсёды можна абмеркаваць з суседзямі, якія гатовы прыйсці на дапамогу. Суравенцы самі арганізуюць для сябе культурнае жыццё, стараюцца цікава бавіць вольны час. Напрыклад, нядаўна мясцовыя вернікі пабывалі ў паломніцкіх паездках у Смаленску і на Пскоўшчыне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №53 ад 11.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *