Платить за квартиру надо. Иначе выселят

Актуалии Общество Экономика

Ад папярэджання да высялення з кватэры

Адпраўляючыся ў магазін, мы наўрад ці разлічваем на тое, што атрымаем тавар бясплатна. Гэта ж тычыцца і цырульні, і абутковых майстэрняў, і іншых аб’ектаў паслуг. Бяром ці пазычаем грошы і ідзем за таварам ці паслугай. А вось плаціць за аказаныя камунальныя паслугі некаторыя чамусьці не спяшаюцца.  І без усялякага сораму  працягваюць карыстацца электраэнергіяй, газам, каналізацыяй, халоднай і гарачай вадой.
Па стану на 1 ліпеня ў Шумілінскім раёне абслугоўваюцца 9 тысяч 200 асабістых рахункаў карыстальнікаў камунальных паслуг, з іх амаль 2 тысячы – даўжнікі. І доўг па камунальных плацяжах дасягае амаль 190 тысяч рублёў (!). Сярод неплацельшчыкаў ёсць як тыя, хто забыў заплаціць за мінулы месяц, так і тыя, у каго даўгі цягнуцца месяцамі.
Што робіцца і якія меры прымаюцца адпаведнымі службамі (а гэта сёння, пасля аптымізацыі жыллёва-камунальнай сістэмы, – дзяржаўнае прадпрыемства “Віцебскі абласны разлікова-даведачны цэнтр”) па зніжэнні сумы доўгу і змяншэнні колькасці неплацельшчыкаў? Размаўляем пра гэта з юрыстам цэнтра Таццянай Дайлідкай.
“У нашай краіне выпрацавана пэўная сістэма мер барацьбы з неплацельшчыкамі. Практыкуецца некалькі спосабаў прымусіць грамадзян своечасова разлічвацца за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі, – кажа юрыст. – Ад папярэджання да высялення з кватэры”.
На першым этапе даўжніку выпісваецца папярэджанне аб наяўнасці запазычанасці і магчымых наступствах пры нявыплаце. У гэтым папярэджанні агаворваецца і патэнцыйнае адключэнне ад камунальных паслуг. Па словах Таццяны Дайлідкі, на сённяшні дзень адпраўлена 1970 такіх папярэджанняў.
На другім этапе, калі першы не прыносіць ніякага эфекту, афармляюцца натарыяльныя надпісы і адпраўляюцца ў суд для прымусовага спагнання доўгу з зарплат, пенсій, адным словам, з усіх даходаў даўжніка. Гэта прадугледжана арт. 33 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Каля 400 выканаўчых надпісаў на суму каля 50 тысяч рублёў знаходзіцца зараз у судовых выканаўцаў, у тым ліку каля 80 выканаўчых надпісаў накіравана па месцы атрымання даходу даўжніка. Між іншым, заканадаўствам прадугледжана ўтрыманне да 50% з даходу.
Пасля гэтага злосным неплацельшчыкам адключаюць святло, халодную і гарачую ваду. Такая норма рэгламентавана пастановай Савета Міністраў ад 16 снежня 2005 года №1466.
Па падліках юрыста цэнтра, на 1 ліпеня накіравана 210 хадайніцтваў на суму звыш за 13 тысяч рублёў аб адключэнні ад камунальных паслуг больш за 100 сямей.
І гэтая мера не заўсёды дае вынік, хаця лічыцца даволі эфектыўнай. Як паказвае практыка, даўжнікі, якім адключаюць падачу камунальных паслуг, сыходзяць з кватэры, ідуць жыць да сваякоў. Праўда, камунальнікі не ідуць на такія меры, калі ў сям’і ёсць непаўналетнія дзеці, чым і карыстаюцца нядобрасумленныя людзі.
Крайняя і самая сур’ёзная мера – высяленне. Скажам прама, яна не вельмі папулярная ў нашым асяродку, але прэцэдэнты, у тым ліку і ў Шуміліне,  усё ж такі ёсць. Аказваецца, не ўносячы плату за кватэру, можна яе пазбавіцца, нават калі яна ваша асабістая, прыватызаваная. Згодна з арт. 86 Жыллёвага кодэкса з кватэры могуць быць выселены грамадзяне, наймальнікі жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду, а разам з імі і члены сямей, якія маюць без уважлівых прычын шасцімесячную запазычанасць па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі і плаце за карыстанне жылым памяшканнем. Тут рашэнне прымае суд. Ён жа дае ўласніку кватэры год на тое, каб разлічыцца па рахунках. Даўжнікам прадастаўляецца іншае памяшканне меншай плошчы ці якое саступае ранейшаму па спажывецкіх якасцях, напрыклад, там можа не аказацца тых ці іншых камунальных даброт. Магчыма, такое жыллё будзе размешчана нават за межамі райцэнтра.
А можна наогул за даўгі застацца на вуліцы, без даху над галавой.  Заканадаўствам, дакладней Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 563, прадугледжана і высяленне злоснага неплацельшчыка без прадастаўлення жылля.
Часта прычынай неплацяжу становіцца цяжкае фінансавае становішча ў сям’і: адны згубілі работу, другія цяжка і доўга хварэлі. “Пры наяўнасці ўважлівых прычын можна разлічваць на спісанне пені, – заўважае Т. Дайлідка. –  Даўжнік павінен прывесці пераканаўчыя довады і даказаць дакументальна, што ён трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Па кожным канкрэтным выпадку прымаецца рашэнне райвыканкама”.
Як бы там не было і якія меры не прымаліся, карыстальнік камунальных паслуг павінен усведамляць, што па даўгах рана ці позна прыйдзецца плаціць. І лепш рабіць гэта ў час, без усялякіх дадатковых непрыемнасцяў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №53 ад 11.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *