Кожная баявая аперацыя – гэта цяжкі і горкі адбітак на ўсё жыццё

Актуалии Общество

1982 год. Пасля штурму ўмацаванняў душманаў. Маёр Юхневічус (злева) з камандзірам баявой аперацыі маёрам Ісакавым каля ўзятай агнявой кропкі. Фота з асабістага архіва Р. К. Юхневічуса.

30 год з дня вываду савецкіх войск з Афганістана
15 лютага 1989 года савецкія войскі былі выведзены з Афганістана. Так закончылася вайна, якая доўжылася з 1979 года. Сёння гэты дзень адзначаецца як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Па ўсёй краіне праходзяць акцыі, мітынгі, сустрэчы, дзе ветэраны баявых дзеянняў, якія выконвалі свой воінскі абавязак у Афганістане, іншых краінах свету, успамінаюць сваю маладосць, баявых сяброў, аддаюць даніну павагі тым, каго ўжо няма ў жывых.
У Шумілінскім раёне пражываюць 53 удзельнікі афганскіх падзей. Члены грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, імкнуцца данесці да падрастаючага пакалення такія рэчы, як баявое сяброўства, самаахвярнасць, каштоўнасць жыцця, займаюцца патрыятычным выхаваннем моладзі.
“Гэтыя гады не забываюцца”
Ёсць што ўспомніць палкоўніку ў адстаўцы Р. К. Юхневічусу, які жыве ў аграгарадку Башні. З 1982 па 1984 год Ромас Канстанцінавіч быў у Афганістане. “Гэтыя гады не забываюцца, – дзеліцца палкоўнік. – У Афганістан мяне накіравалі з Прыбалтыйскай ваеннай акругі. Рамантыка знікла літаральна з першых дзён: з Кундуза, куды прыбылі і дзе знаходзіўся штаб дывізіі, да палка – марш-кідок кіламетраў сто ў складзе бранягрупы, а па ўсёй дарозе па абочынах падбітая тэхніка…”
Маёр Юхневічус служыў намеснікам камандзіра па палітычнай часці 395-га мотастралковага палка 201-й мотастралковай дывізіі. Гэты полк стаяў у Пулі-Хумры. Пастаянныя баявыя аперацыі. За дзесяць паспяховых аперацый маёр Р. К. Юхневічус быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Ромас Канстанцінавіч узнагароджаны і двума афганскімі ордэнамі – “За храбрасць” і “Зорка” III ступені.
Кожная баявая аперацыя – гэта не толькі гераізм і мужнасць салдат, але смерць сяброў. Кожная баявая аперацыя – гэта бясцэнны афіцэрскі вопыт, які зводзіцца да таго, каб было як мага меней салдацкіх смерцяў. Кожная баявая аперацыя – гэта цяжкі і горкі адбітак на ўсё жыццё.
–  Разведчыкі далажылі, што ў адным з кішлакоў знаходзіцца бандфарміраванне колькасцю да двухсот чалавек. На заданне адправіліся тры мотастралковыя роты. 30 хвілін артылерыйскай адпрацоўкі не прынеслі плёну: мы пайшлі ў атаку і наткнуліся на моцны варожы агонь. Нейкіх 150 метраў заставалася, але… Зноў артылерыйская адпрацоўка. І мы, афіцэры, прымаем рашэнне хвілін за 5 да заканчэння абстрэлу, пайсці ў атаку. Бандыты гэтага проста не чакалі. Заданне было выканана, кішлак вызвалены… Цана – 12 чалавек забіты і 30 паранены:
Сёння Р. К. Юхневічус займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, часты госць у школах раёна  Ромас Канстанцінавіч быў першым старшынёй раённай арганізацыі “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане”.
Надрукавана ў №14 ад 15.02.2019 г.