Как водители перевозят детей, проверили сотрудники ГАИ во время профилактической акции «Ребёнок — пассажир»

Безопасность Общество

Рэйд
Калі пасажыр – дзіця
Падчас прафілактычнай акцыі  па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх  “Дзіця – пасажыр” супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі правялі шэраг рэйдаў па дарогах раёна.
Разам з інспектарам дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС Сяргеем Калянковічам мы дзяжурым на аўтадарозе Р-20 ад Мікіціхі да Язвіна. Менавіта тут часта сустракаюцца парушальнікі дарожнага руху. Інспектар звяртае ўвагу і на ліхачоў, і на тых кіроўцаў, на аўто якіх не пройдзены тэхагляд. Але ж нас найперш цікавіць, ці па правілах перавозяцца непаўналетнія пасажыры. Вадзіцелі ў асноўным трапляюцца законапаслухмяныя: дзяцей перавозяць у спецыяльных крэслах. Разам з тым, інспектар прыпыніў двух парушальнікаў. У абодвух быў аднолькавы адказ: “Забыліся дома”. Шчыра прызнацца, хутчэй за ўсё дзіцячых крэслаў у гаспадароў не было наогул. Супрацоўнік ДПС склаў на вадзіцеляў адміністрацыйныя пратаколы, на першы раз мужчынам пагражае штраф да 2 базавых велічынь, калі будуць затрыманы паўторна – ад 2 да 5 БВ.
Як сведчыць статыстыка, парушэнне правілаў перавозкі дзяцей  – не рэдкае парушэнне для шумілінцаў. Так, за студзень-чэрвень такіх парушэнняў зарэгістравана 41.
“Хочацца яшчэ раз нагадаць усім вадзіцелям: перавозка дзяцей ажыццяўляецца ў аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, і з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці,  – да 5 гадоў; бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў, якія дазваляюць бяспечна прышпіліць малога з дапамогай рамяня бяспекі, прадугледжанага канструкцыяй аўто, – ад 5 да 12 гадоў, –  кажа начальнік ДАІ Мікалай Гаралевіч. –   Пры гэтым дыяганальная даўжыня рамяня павінна праходзіць праз плячо і грудную клетку дзіцяці і не з’язджаць на шыю.  Дапускаецца перавозіць малых ва ўзросце да 12 год  без выкарыстання прыстасаванняў, калі іх рост большы за 150 см, а таксама ў аўтамабілі-таксі. Як і іншыя пасажыры, яны павінна быць прышпілены рамянём.
Забаронена перавозіць дзяцей на каленках у вадзіцеля, на пярэднім сядзенні легкавых транспартных сродкаў, у кузаве грузавога аўтамабіля з бартавой платформай, кузаве-фургоне, дзяцей да 12 гадоў – на матацыклах і мапедах”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.