Профсоюзы помогают собрать детей в школу

Актуалии Новости Образование Общество

Дапамагаюць  сабраць школьны  партфель
У рамках акцый “Прафсаюзы – дзецям” і “Збяры школьны партфель”, якія праводзяцца па ўсёй краіне,  райкам прафсаюза работнікаў АПК актыўна дапамагае сем’ям у падрыхтоўцы дзяцей да школы.

Вольга Пусянкова ўручае грашовы сертыфікат мнагадзетнай сям’і Вясна з Башнёў.

У першую чаргу падтрымка аказваецца   мнагадзетным, малазабяспечаным, няпоўным, прыёмным і апякунскім сем’ям, а таксама тым, хто выхоўвае дзяцей з інваліднасцю. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Пусянковай мы пабывалі ў некаторых мнагадзетных сем’ях ААТ “АграБаравінка”.
Сям’я Віктара і Святланы Вясны з аг. Башні выхоўваюць чатырох дзетак. Віктар працуе механізатарам, Святлана –  жывёлаводам на ферме Башні.  Мнагадзетнай сям’і да новага навучальнага года аказваецца і дзяржаўная падтрымка, і прафсаюзная. У прыватнасці, Вольга Пусянкова ўручыла грашовы сертыфікат. “Дапамога пойдзе на канцылярскія тавары, адных толькі сшыткаў на чацвярых вунь колькі патрэбна, – кажа Святлана Вясна. – Увогуле рыхтаваць дзяцей да школы пачалі з пачатку лета. Васьмігадовую Карыну (яна пойдзе ў трэці клас) сабралі ў школу поўнасцю – нядаўна набылі касцюм, туфлі, рукзак. А вось хлопцам засталося тое-сёе купіць”. Хлопцы – гэта 14-гадовы Віталь, які пойдзе ў дзявяты клас, дзесяцігадовы Глеб (пяты клас) і чатырохгадовы Цімафей.
Грашовы падарунак ад прафсаюза АПК да новага навучальнага года атрымалі і яшчэ  чатыры мнагадзетныя сям’і ААТ “АграБаравінка” – Таццяна Максімава і Ірына Махнова з Язвіна, Алена Іванова і Алеся Куранкова з Башнёў.
На наступны дзень Вольга Пусянкова з гэтай місіяй наведала мнагадзетныя сем’і СФГ “Раднік”. Грошы для дзяцей да новага навучальнага года атрымалі аператар машыннага даення фермы Мішкавічы Таццяна Голубева (чацвёра дзяцей) і загадчыца фермы Макаўе Таццяна Масько (пяцёра дзяцей).
Многія пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі сельгаспрадпрыемстваў таксама дапамагаюць няпоўным, малазабяспечаным, апякунскім і мнагадзетным сем’ям сабраць дзяцей да школы. У некага ёсць традыцыя дарыць школьныя прыналежнасці, іншыя збіраюць партфель першакласніку. Прафсаюзны камітэт сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае” выдзеліў сем’ям названых вышэй катэгорый грошы. Зыходзілі з пазіцыі: маўляў, бацькі самі ведаюць, што патрэбна дзецям, і купяць самі. Як расказала прафсаюзны лідар “Лаўжанскага” Аксана Карага, падтрымку да новага навучальнага года атрымалі 12 сем’яў.
Акцыя “Прафсаюзы – дзецям” працягваецца. Напэўна, у апошняй дэкадзе жніўня яшчэ многія пярвічкі акажуць мнагадзетным сем’ям фінансавую дапамогу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2019 г.