Аляксандр Раманятаў першым у Шумілінскім раёне намалаціў 1000 тон зерня

Актуалии Новости Президент Экономика

Першы  тысячнік
У панядзелак, 26 жніўня, Аляксандр Раманятаў з ААТ “Прыазёрны мір” быў героем дня – ён першым у раёне намалаціў тысячу тон зерня.

У гэтым сезоне камбайнер спачатку працаваў у сваёй гаспадарцы, а потым адправіўся на падмогу ў КУСГП “Сіроцінскі”, дзе і дабраў некалькі апошніх тон да тысячы.
Павіншаваць лідара жніва з працоўнай перамогай, на палеткі “Сіроцінскага” прыехала цэлая дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Віктарам Гутаравым.
Віншуючы перадавіка, кіраўнік раёна падзякаваў яму за добрую работу, пажадаў далейшых поспехаў і плёну і ўручыў важкі падарунак – газавую пліту.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова ўручыла ганаровую грамату ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і райкама прафсаюза, каштоўны падарунак, чырвоныя майку і кепку лідара, пажадала Аляксандру Раманятаву раўняцца на дасягненне 2009 года, калі ён заняў другое месца ў рэспубліцы па намалотах і быў запрошаны на рэспубліканскія “Дажынкі” ў Кобрын.
Намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Прыазёрны мір” Марына Панкраценка прэзентавала грашовую прэмію ад гаспадаркі.
З мноствам падарункаў, з падзякамі і ўхвальнымі словамі ў свой адрас, Аляксандр Раманятаў адчуваў сябе сапраўдным героем. Работа на зернеўборачным камбайне для яго справа прывычная. Высокія прафесійныя якасці, арганізаванасць у рабоце, нядрэнны ўраджай – усё гэта ў комплексе паспрыяла важкай працоўнай перамозе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2019 г.