Ольга Голубева воспитывает четверых детей. Она не понаслышке знает, какой это труд и какое счастье

Общество Семья

Быць  маці  –  вялікае  шчасце,  адказнасць  і  цяжкая  праца
Вольга Васільеўна Голубева выхоўвае чацвярых дзяцей. Нягледзячы на вялікія жыццёвыя цяжкасці і насуперак выпрабаванням, з годнасцю спраўляецца з высакароднай місіяй маці: яна працавітая, добрая, клапатлівая, пяшчотная, вытрыманая і адначасова вельмі моцная духам.

Старэйшай Рыце – 20, яна студэнтка 4 курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, без пяці хвілін настаўніца пачатковых класаў. На другім курсе Лужаснянскага аграрнага каледжа вучыцца 17-гадовы Павел, марыць быць аграномам. У першы клас сёлета пайшоў самы малодшы Мікалаша. Для Дзімы школа арганізавана на даму. 11 год таму шмат давялося перажыць сям’і Голубевых, і асабліва маці, – Дзіма  нарадзіўся раней часу, урачы выхадзілі немаўля, але ж інваліднасці з дыягназам ДЦП пазбегнуць не ўдалося.
Амаль год, як Голубевы пераехалі ў райцэнтр у новую двухпакаёвую кватэру, усім тут падабаецца, асабліва Дзіму. Дагэтуль жылі ў аграгарадку Амбросавічы. Да нараджэння Дзімы Вольга працавала ў мясцовай гаспадарцы даяркай. З  пераездам у райцэнтр ад вясковага дома з агародам на 50 сотак і парнікамі, гаспадаркі, дзе гадуюцца козы, Голубевы не адмовіліся. За гаспадара ў доме застаўся муж Леанід, а на лета  ў вясковы дом пераязджае ўся сям’я.
Быць мнагадзетнай Вольга не марыла, але прымала такі расклад і ведала, што значыць вялікая сям’я – сама з мнагадзетнай сям’і, дзе выхоўвалася 9 дзяцей. “Затое ў мяне зараз вунь якая падмога і падтрымка, – кажа яна. – І сваіх дзяцей мы з мужам стараемся так выхоўваць, каб трымаліся адзін аднаго, дапамагалі і словам, і справай, былі найперш спагадлівымі людзьмі, добрымі, сціплымі і працавітымі”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №82 ад 18.10.2019 г.