Вы ў аўто? Прышпіліцеся!

Бяспека Общество

Вы  ў  аўто?  Прышпіліцеся!
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі правялі чарговую прафілактычную акцыю па захаванні правілаў дарожнага руху вадзіцелямі пры перавозцы пасажыраў. Інспектары ДПС яшчэ раз нагадалі, як важна выкарыстоўваць рамяні бяспекі.

Паездка Соні Гаўрылавай з Шуміліна ў дзіцячым крэсле будзе бяспечнай.

Асаблівая ўвага падчас акцыі ўдзялялася маленькім пасажырам. Большасць жыхароў раёна (рэйд праводзіўся па маршруце Шуміліна-Мікіціха) ўсведамляюць усю адказнасць і сур’ёзнасць справы, разумеюць, што не маюць права падвяргаць сваіх дзяцей небяспецы.  Інспектар ДПС Яўген Сташонак расказваў вадзіцелям, што дзіцячыя крэслы – гэта не прыдзіркі супрацоўнікаў ДАІ, а рэальная магчымасць абараніць дзіця ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння. Крэслы зніжаюць цяжкасць наступстваў, а ў некаторых выпадках выратоўваюць жыцці. Але не ўсе бацькі гэта разумеюць, адзначае інспектар ДПС, многія з іх купляюць крэслы  толькі для выгляду, каб пазбегнуць штрафу. Больш таго, некаторыя дарослыя нават не замацоўваюць дзіцячыя крэслы. У выпадку ДТЗ яны не абароняць.
Падчас рэйду інспектар выявіў тры парушэнні: адзін вадзіцель і адзін пасажыр не былі прышпілены рамянямі бяспекі (штраф да 3 БВ), яшчэ адзін кіроўца перавозіў 5-гадовае дзіця без спецыяльнага ўтрымліваючага сядзення. У сваё апраўданне сказаў: «Я ж добры кіроўца, у мяне вялікі стаж. А на крэсла грошай не хапіла…»
Гэта не апраўданне. Згодна з п. 178 Правілаў дарожнага руху перавозка дзяцей у аўтамабілі павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем спецыяльных утрымліваючых устройстваў у адпаведнасці з вагой і ростам дзіцяці, іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіцяці ва ўзросце да 12 гадоў. Калі вадзіцель парушае дадзенае патрабаванне, на яго складаецца адміністрацыйны пратакол (штраф да 2 БВ).
У гэтым годзе работнікі ДАІ затрымалі 66 вадзіцеляў, якія перавозілі дзяцей без спецыяльнага ўтрымліваючага ўстройства, паведаміў начальнік ДАІ Мікалай Гаралевіч,  122 дарослыя (11 пасажыраў і 111 вадзіцеляў) не былі прышпілены рамянямі бяспекі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №88 ад 12.11.2019 г.