Віктар Шчарбакоў: «Работы было столькі, што ў сутках не хапала часу»

Общество

«Работы было столькі, што ў сутках не хапала часу»

Загадам па Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь дата 30 лістапада 1920 года аб’яўлена Днём утварэння штабоў органаў унутраных спраў

Начальнікамі штаба раённага аддзела ўнутраных спраў за апошнія дваццаць гадоў працавалі розныя людзі, кажа старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Юрый Арлоў, але ўсіх іх аб’ядноўвала адно: прафесійная граматнасць, эрудыцыя, шырокі кругагляд, глыбокія веды па асноўных накірунках службовай дзейнасці.
У пачатку 1995 года адну з самых адказных пасад – начальніка штаба, начальніка дзяжурнай часці даверылі Віктару Шчарбакову, старшаму інспектару групы аналізу, планавання, кантролю і арганізацыі работы дзяжурнай часці Шумілінскага РАУС.
«У штабе я працаваў адзін, як кажуць, і начальнік, і выканаўца, – згадвае ветэран міліцыі. – Работы было столькі, што і не ведаў, за якую брацца ў першую чаргу. У сутках не хапала часу. За начальнікам штаба было планаванне работы райаддзела ў цэлым і кантроль за выкананнем планаў. У дзяжурнай часці было тры журналы: уліку злачынстваў, уліку вусных зваротаў грамадзян і так званы алфавітны журнал, дзе рэгістраваліся пісьмы грамадзян, якія прыходзілі ў міліцыю. З рознымі правапарушэннямі разбіраліся ўчастковыя інспектары, на разбоі і забойствы выязджалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. На расследаванне матэрыялаў давалася дзесяць сутак. А потым начальнік штаба павінен быў высветліць, якія матэрыялы расследаваны поўнасцю, а па якіх не паспелі гэтага зрабіць. Адзін раз на тыдзень на планёрках у начальніка РАУС дакладваў аб пратэрмінаваных матэрыялах, вызначаў аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны гэтага».
За рабочы дзень штабісту трэба было шмат чаго прааналізаваць, не забыць. Аднаму нагадаць, другога папярэдзіць, а маладых супрацоўнікаў яшчэ і павучыць. У дадатак кантраляваў яшчэ і работу з сакрэтнымі дакументамі, арганізоўваў работу вучэнняў па спецпланах, быў у адказе за дзяжурную часць. Гэта значыць, сачыў за хуткасцю выезду аператыўнай групы на здарэнне, за раскрыццём злачынстваў, за ўтрыманнем парушальнікаў у ізалятары часовага ўтрымання.
На думку былых калег, Віктар Шчарбакоў быў не выпадковым чалавекам у органах унутраных спраў. У яго характары – скрупулёзнасць і акуратнасць. У кожным дакуменце – дакладнасць і яснасць.
Выказваючы пажаданні маладым супрацоўнікам штаба, ветэран РАУС сказаў: «Асноўныя функцыі штабных работнікаў – пастаяннае рэагаванне на змяненне аператыўнай абстаноўкі, каардынацыя работы ўсіх службаў – засталіся і сёння. Таму вельмі важна ўмець працаваць з асабістым саставам, добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, умець арганізоўваць свой час, каб усё па-спяваць. Ну, а яшчэ жадаю ўсім здароўя – гэта, напэўна, самае актуальнае пажаданне на сёння».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №93 ад 27.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *