Давайте жить долго

Здоровье Общество

Давайце жыць доўга
Верыць у светлае будучае, канечне, трэба. Толькі яшчэ варта ўсведамляць, што жыць гэтым будучым хутка стане проста некаму. Пазбегнем глабальнасці – мы ў адказе за наш канкрэтны рэгіён, а калі быць яшчэ больш чэснымі, то кожны за сябе.
Скажы, вось канкрэтна ты (так – так менавіта ты) – даўно быў у бальніцы? Што кажаш? Нічога не баліць, здаровы? Яны, тыя 60 чалавек, што памерлі летась ад анкалогіі, таксама думалі, што здаровыя – не баліць жа. А было ім, заўважу, у сярэднім крыху больш за 60 гадоў. І ў 546-ці чалавек, што сёння стаяць на ўліку ў анколага, таксама нічога не балела. І для ўсіх, павер, дыягназ быў, як маланка сярод яснага неба: ніхто яго не чакаў, не думаў, што менавіта яму давядзецца папоўніць гэту страшную медыцынскую статыстыку.
А ці любіш ты выпіць? Як усе, кажаш, у свята. А святаў колькі – цэлы каляндар. А народзіны і хаўтуры, а наваселлі і вяселлі, а юбілеі і цёплыя сустрэчы, а пасля лазні… Дык што, у свята, кажаш?
Я ўжо і не пытаюся, ці робіш ты зарадку, ці прывучаеш да гэтага дзяцей, ці фарміруеш здаровы стыль жыцця ў сям’і.
А курэнне, а нездаровае харчаванне, а маларухомасць, а траўмы, а стрэсы – прабачце за грубасць, але, каб «адкінуць канькі», далёка не ўсе з нас чакаюць старасці.
За мінулы год у раёне памерла 447 чалавек, падлічыў галоўны ўрач райбальніцы Канстанцін Баканаў. 113 з іх знаходзіліся яшчэ ў працаздольным узросце, маглі б працаваць, нараджаць, будаваць і верыць у светлае будучае.
У смерці розныя прычыны. Лідзіруючыя пазіцыі ў “рэйтынгу” настойліва займаюць хваробы сістэмы кровазвароту, на другім месцы — старасць, потым – анкалагічныя захворванні (упершыню гэтая хвароба, ураз памаладзеўшы, забрала так многа жыццяў).
Пад словазлучэннем “знешнія прычыны” медыкі звычайна маюць на ўвазе ДТЗ, траўмы на вытворчасці і ў быту, суіцыды, патапленні, атручэнні і іншае, не звязанае непасрэдна са станам здароўя памерлага. Дык вось, з гэтай прычыны ў мінулым годзе жыццё спынілі 50 чалавек (40 – працаздольныя).  Калі дэталізаваць, то зафіксавана 7 патапленняў (700% у адносінах да папярэдняга года, і ўсе – працаздольныя, і ўсе – пасля чаркі), 9 суіцыдаў, 10 алкагольных атручэнняў, 11 чалавек загінулі ад бытавых і вытворчых траўмаў, ДТЗ, трое замерзлі і гэты спіс яшчэ можна працягваць.
Дарэчы, пра алкаголь. Чаму дарэчы? Таму што, калі і не напрамую, то ўскосна менавіта ён – прычына многіх чалавечых няшчасцяў. “Наш раён спіўся,” – цытуем мы галоўнага ўрача. На ўліку ў нарколага – 715 чалавек (а колькі яшчэ не ўлічана!), з іх – 200 жанчын, 14 падлеткаў. Ніводнага дня (!) не абыходзіцца без выезду хуткай на дапамогу “хворым” з алкагольнай комай, абстынентным сіндромам, алкагольным псіхозам. Шмат шумілінцаў лечыцца ў псіхдыспансерах, «дзякуючы» менавіта алкагольнай залежнасці.
За мінулы год у нашым раёне нарадзілася 247 дзяцей. І па гэтым паказчыку ў вобласці мы саступаем толькі Расонскаму (сярод сельскагаспадарчых) раёну. Але натуральны прырост па-ранейшаму застаецца са знакам мінус.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №9 ад 31.01.2012.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *