30 000 кветак высадзяць работнікі УП ЖКХ на вуліцах Шуміліна

Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости Общество

Колькі каштуе прыгажосць?

Каля дома культуры ў Шуміліне завіхаліся рабочыя, стаяў гул ад трактароў, грузавікоў, рознай спецтэхнікі, а непадалёк (паміж Домам культуры і інтэрнатам) на ўзбочыне цвілі цюльпаны – купка бардовых, купка аранжавых (сярод якіх трапіўся адзін чырвоны) і астравок белых.

Таццяна Маслюкова і Вераніка Багданава на вуліцы Вакзальнай.Навошта яны (маюцца на ўвазе азеляніцелі камунгаса – аўт.) пасадзілі там кветкі, хто іх сярод гэтай разрухі бачыць, абураюцца некаторыя абывацелі.
У адказ ім кажу: бачаць усе прахожыя, хто ідзе ў школу, на работу, спяшаецца па іншых справах ці проста гуляе. Кветкі сярод будаўніча-рамонтнай разрухі – як радасць у час дэпрэсіі. Людзі ідуць сумныя, ссутуленыя ад гнёту жыццёвых праблем. А тут – цюльпаны! І дзякуючы таму, што на вуліцы не было спякоты, яны нават даўжэй радавалі нас сваім цвіценнем.

30 000
кветак высадзяць работнікі УП ЖКХ на вуліцах Шуміліна. Петуніі і аксаміткі, пеларгоніі і агератум, сальвія і бальзамін упрыгожаць райцэнтр.

І не трэба шкадаваць грошай на кветкі. Які дом без кветак! Які горад без сквераў, скульптур і кветкавых кампазіцый! Вунь, бачылі, якія плантацыі цюльпанаў былі ў Віцебску – у скверы на вуліцы Кірава, у раёне драмтэатра, на плошчы Свабоды, каля амфітэатра, каля помніка князю Альгерду, на плошчы Перамогі.
Розных колераў і форм, папугайныя, махровыя, півонепадобныя з размерам кветкі да 12 см! Кажуць, што там было высаджана каля 70 тысяч цюльпанавых цыбулін. І гэтае квітнеючае відовішча заварожвала, несла душы радасць і захапленне. А гэта галоўнае прызначэнне кветак.
Так, цюльпаны адцвілі. Але ім на змену ў Шуміліне ўжо зацвілі петуніі на Вакзальнай і Кароткіна, хутка ўсміхнуцца рознакаляровымі вочкамі браткі (анютины глазки), зацвітуць пеларгоніі, сальвіі, вербены, львіны зеў… Іх сотнямі высаджвалі работнікі УП ЖКХ цэлы май, працягваюць саджаць і зараз.
Аб’ёмы вялікія, і час прыспешвае. Тут не тое што кожны дзень, але і кожная гадзіна дарагая – у раслін вегетацыйнае жыццё кароткае.
Вунь лівень на вуліцы, усе бягуць пад парасонамі, каб хутчэй схавацца пад дахам, а азеляніцелі разгружаюць машыну з хвойнікамі і квітнеючымі кустамі, саджаюць і нават радуюцца: паліваць не трэба! Так у саюзе з дажджом і працуюць.
Майстар па добраўпарадкаванні камунгаса Вераніка Багданава і галоўны кветкавод Таццяна Маслюкова, якія падчас нашай чарговай сустрэчы выкопвалі цюльпаны на плошчы перад райвыканкамам, расказалі, што на вуліцы Шуміліна толькі ў маі высадзілі больш за 70 карлікавых бяроз (вул. Маладзёжная, Ленінская, Юбілейная, 70 год БССР), каля паўтары сотні шарападобных і пірамідальных туй (вул. Вакзальная, Ленінская, Суворава). На жывую агароджу (вугал вуліц Кароткіна – Луначарскага) пайшло аж 777 штук кізільніку.
Шмат пасялілася на нашых вуліцах прыгожых новых квітнеючых кустарнікаў, такіх як вейгела, будлея, фарзіцыя.
Што датычыць кветак, то іх высаджана вялікае мноства. Камунгасаўскія кветкаводы падлічылі, што толькі каля будынка райбыткамбіната на вуліцы Вакзальнай разам з туямі ўмясцілі больш за тысячу кветак: 100 шт. пеларгоній, па 320 – петуніі і цынерарыі, 600 – сальвіі. На вуліцах Кароткіна, Ленінскай, Луначарскага, Сіпко, Суворава лік высаджаных у маі львіных зеваў, агератумаў, сальвій, алісумаў, петуній і цынерарый ідзе таксама на тысячы.
Дажджлівы прахалодны май спрыяў і засяванню газонаў, трава паднімалася літаральна ўслед за сейбітамі. Так, па вуліцы Кароткіна газон аднавілі на плошчы, а таксама ад парка да перакрыжавання з вуліцай Сіпко.
Безумоўна, прыгажосць патрабуе і фінансавых укладанняў. Як паведамілі ва УП ЖКГ, з пачатку года толькі на пакупку дрэў, кустоў, насення газоннай травы і кветак ужо выдаткавана каля 40 тысяч рублёў.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №43 ад 08.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *