Міжнародны дзень снегу шумілінцы весела адзначылі на гарадскім стадыёне

Новости Общество

Снежна-спартыўны рэпартаж

Міжнародны дзень снегу шумілінцы весела адзначылі на гарадскім стадыёне ў мінулую суботу.
Неба падумала, што снегу не хопіць, і як след сыпанула срэбра на і без таго высланую белым пакрывалам зямлю. Першымі на месца гулянняў прыбылі ўдзельнікі конкурсу «Снежны арт-парад». Дзеці і дарослыя раздзялілі стадыён на квадраты і ўзяліся за выраб снежных скульптур.

Хутка стала зразумела, што ў каго шуфля, той і наперадзе. Вось дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Руслан Мацвяйчук хуценька накідаў снежную гару для адмысловых скульптараў, якія лёгка пераўтварылі яе ў мядзведзя, а побач паставілі бочку мёду.
На самым высокім, не пабаімся гэтага слова, арганізацыйным узроўні была наладжана работа каманды раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Адны з дапамогай снежкалепаў выраблялі ідэальна круглыя снежкі, другія іх фарбавалі ў розныя колеры, трэція фарміравалі вялізную ёлку. На стварэнне снежнай кампазіцыі каманду натхніў мультфільм «Мадагаскар».
Не прайшло і гадзіны, як на стадыёне з’явіліся некалькі вулканаў, парачка тыграў, усялякія рыбкі ды чарапахі. Фота кампазіцый хутка разляцеліся па сацыяльных сетках шумілінцаў. Праўда, дзеці прызнаваліся, што ля дома са снегам не бавяцца, маўляў, часу не стае.
– У нас вучоба, урокі, трэніроўкі – не да снегу. Хіба толькі летась на такім жа свяце нешта ляпілі,– у адзін голас прызналіся дзяўчаты Яна і Віка, якія вучацца ў СШ № 2.
Журы доўга не магло вызначыцца з пераможцамі – усе работы былі па-свойму адметнымі. Першае месца ў намінацыі «Лепшы скульптар» было вырашана аддаць вучням дзіцячай школы мастацтваў, якія вылепілі мядзведзя, і камандзе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за работу «Рыбка». Журы адзначыла і скульптуру «Новы год на Мадагаскары» (СШ №1 і раённы цэнтр дзяцей і моладзі), і тыгра, якога стварыла каманда СШ №2.
Спартыўная частка мерапрыемства сабрала амаль сотню прадстаў-нікоў 14 прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Усе жадаючыя маглі паў-дзельнічаць у сямейнай лыжнай эстафеце, вясёлым біятлоне, міні-футболе на снезе і іншых конкурсах і забавах.
– Сёлетняя зіма падарыла нам цудоўнае надвор’е, і наша задача – паспець атрымаць ад гэтага асалоду, – вітала ўдзельнікаў свята намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Самым відовішчным аказалася спаборніцтва па міні-футболе на снезе. Прайграўшых не было – за перамогу змагаліся дзве каманды: РАНС і ЦРБ. Супраць мужных і спрытных пажарных на снег не пабаяліся выйсці дзяўчаты-медыкі з адзіным мужчынам у камандзе. Па эмоцыях удзельнікаў і балельшчыкаў гэта барацьба нагадвала літаральна чэмпіянат па футболе самага высокага рангу.
На стартах «Вясёлага біятлону» таксама было горача. Пакуль адны ставілі перад сабой задачу проста не ўпасці, іншыя паказвалі прафесійны ўзровень язды на лыжах. Трэцяе месца ў гэтых спаборніцтвах заняла каманда ад-дзела па адукацыі райвыканкама «Вясёлыя рабяты», серабро дасталася шумілінскаму лясгасу, пераможцамі вышлі супрацоўнікі Светласельскага ясляў-сада.
У спаборніцтвах «Снежны гарадок» золата падзялілі Андрэй Буеў і Дзмітрый Бяззубенка, на другім месцы аказалася Святлана Лінкевіч, трэцяй стала Ірына Шэдзько.
У «Зімовым боўлінгу» пераможцам стаў Сяргей Раманаў, другое месца падзялілі Аляксей Іваноў і Ніна Нікіценка, трэцім стаў Мікіта Мазанкоў.
Дыпломы, медалі, салодкія прызы атрымалі пераможцы ўсіх конкурсаў, удзельнікі забаў.
– Мы патрацілі шмат сіл і часу, вельмі стараліся, каб людзі правялі гэту суботу весела, – адзначыла інструктар-метадыст фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Ірына Кулікава. – Хочацца, каб шумілінцы больш ахвотна адгукаліся на такія добрыя ініцыятывы. Наўрад ці ў многіх з нас у выхадны ёсць лепшая альтэрнатыва, як правесці час весела і на свежым паветры.
Выбар на карысць спорту і здаровага ладу жыцця заўжды робіць сям’я Багданавых з Шуміліна. Кацярына і Аляксандр прыахвоцілі да фізкультуры і сына Данііла. Выхадныя яны, як правіла, праводзяць актыўна. У гэты раз з задавальненнем паўдзельнічалі і перамаглі ў сямейнай эстафеце.
Гарачым чаем і прысмакамі гасцей свята частавалі народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Разынка» і імправізаванае кафэ ФАЦа. За добры настрой, гучную музыку і дзіцячыя забавы, як заўжды, адказвалі работнікі культуры.
Свята скончылася, а людзі яшчэ доўга не разыходзіліся. Многія бралі канькі на пракат і выхадзілі на лёд.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №6 ад 25.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *