Што паказаў сумесны рэйд па сельгаспрадпрыемствах, які правялі пракуратура і РАНС?

Закон Сельское хозяйство

«Аптэчка – не рухавік, можна купіць»

Што паказаў сумесны рэйд па сельгаспрадпрыемствах, які правялі пракуратура і РАНС?

Уборка зерневых і зернебабовых у самым разгары. Важна і змалаціць зерне, і захаваць яго. У гэтым няспынным канвееры ўборачнай на першым плане – людзі і іх бяспека. Гэта рэгулярна правяраюць падчас рэйдаў работнікі пракуратуры і райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

У адзін з рэйдаў разам з памочнікам пракурора Шумілінскага раёна Аляксеем Шчарбаковым,  намеснікам начальніка РАНС Алегам Бунто адправілася і карэспандэнт раённай газеты. Падчас наведвання КУСГП «Сіроцінскі» было адзначана, што практычна ўсе выяўленыя раней парушэнні выпраўлены: адрамантаваны нахілавая камера, загружныя шнэкі, кажух вентылятара ў камбайнаў, заменены дымаводы. Так, было за што пахваліць галоўнага інжынера Васіля Афанасьева і яго механізатарскую каманду.

Праверылі наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння, праходжанне інструктажаў па пажарна-тэхнічным мінімуме. Вогнетушыцелі і кашма ў камбайнах меліся, а вось аптэчак на некаторай тэхніцы не было. «Аптэчка – не рухавік, можна купіць. Гэта па сілах гаспадарцы», – заўважыў Аляксей Шчарбакоў і стаў адразу тэлефанаваць кіраўніку гаспадаркі Івану Карпенку. Той паабяцаў заўтра ж х набыць.

Амаль што ідэальны парадак быў у такарным цэху гаспадаркі. А вось на так званым зварачным пасту іншая карціна – паўсюль раскіданы метал. Разам з тым некаторыя механізатары не ведалі чым заняцца. Пасля заўвагі ўзяліся за мётлы і пачалі ўбіраць. Навесці парадак – элементарна, тут грошы не патрэбны. Былі зроблены заўвагі наконт курэння ва неўстаноўленых месцах. Усе ведаюць, што ад акурка можа здарыцца пажар, таму варта прытрымлівацца мер бяспекі.

На зернесушылцы непадалёк ад мехдвара сушылася зерне. Знешне здавалася, што там парадак і чысціня. Намеснік пракурора парэкамендаваў не адкладваць на доўгі час знос аварыйнага будынка на тэрыторыі, бо падчас шквальных вятроў ці снегападаў можа здарыцца бяда. Вопытам можа падзяліцца КУСГП «Ульскі».

У канторы «Сіроцінскага» праверылі дакументацыю па бяспечных умовах работы, далі рэкамендацыі маладому спецыялісту па ахове працы, які некалькі дзён таму ўладкаваўся ў гаспадарку.

Умовы захоўвання прадуктаў, рацыён механізатараў цікавілі ўдзельнікаў рэйду пры наведванні сталовай сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае». На абед быў суп з ячных круп, плоў, салата з гародніны і кампот. Мясцовыя повары гатуюць абеды для ўсіх гаспадарак раёна, акрамя ААТ «Ляжні». І ў дзень нашага наведвання ў тэрмасы раскладвалася 120 абедаў.

Інфармацыя па выніках рэйду накіравана кіраўніцтву «Сіроцінскага». Ім трэба чакаць паўторны кантрольны рэйд.

Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *