Народный мастер из Шумилино давала мастер-классы по соломоплетению на ВДНХ в Москве

Культура Мир увлечений Новости

Павукі і анёлы – ад Наталлі Сцержанковай

На працягу пяці дзён (з 12 па 16 лютага) ў беларускім нацыянальным павільёне на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве працавала метадыст Шумілінскага дома рамёстваў Наталля СЦЕРЖАНКОВА.

Чым народны майстар Беларусі з Шуміліна здзіўляла наведвальнікаў выставы?
«Дарога няблізкая, а тавар з саломы далікатны, таму ўзяла для выставы-продажу невялікія работы: анёлаў, падковы, сардэчкі, птушачак, – расказала Наталля. – А яшчэ везла з сабой два вялізныя пакеты саломы з шумілінскіх палеткаў. Галоўная мая задача заключалася ў тым, каб праводзіць майстар-клас па саломапляценні.

Асноўны акцэнт я рабіла на выраб саламянага павука, які адлюстроўвае гістарычнае мінулае Шуміліншчыны. Было вельмі шмат жадаючых прыняць удзел у майстар-класе. Асаблівы наплыў быў 15 лютага, калі праводзіўся дзень “Славянскага базару ў Віцебску”. Дзеці з творчага калектыву “Непаседы” з Масквы выстраіліся да мяне ў чаргу, кожнаму хацелася сваімі рукамі зрабіць павука і прынесці дадому такі незвычайны для масквічоў сувенір».

Графік работы Наталлі Сцержанковай быў шчыльным, працавала з раніцы і да шасці гадзін вечара. Было нялёгка, але задавальненне, што паказала шумілінскія рэгіянальныя вырабы, брала верх. За дзень паспявала яшчэ і экскурсіі правесці па «Беларускай хатцы», якая адлюстроўвала ранейшы побыт Віцебскай вобласці, і папрацаваць па заказе ўдзельнікаў выставы. Маецца на ўвазе майстар-класы па невялікіх саламяных вырабах: дзяўчатам хацелася наплесці бранзалетаў, некаторыя прасілі майстра сплесці сардэчкі, анёлаў і птушачак, каб прывезці сувенір з Масквы у падарунак родным. Многія дзівіліся, што са звычайнай саломы (Наталля яе ніколі не фарбуе) можна зрабіць такую прыгажосць. Трэба толькі мець творчы характар і залатыя рукі. Такія, як у нашай зямлячкі Наталлі Сцержанковай.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *