«Так рано ещё не начинали сеять» В сельхозорганизациях района идёт сев яровых культур

Новости Сельское хозяйство

У красавіцкія дні ў механізатараў сельгаспрадпрыемстваў раёна прыпар – на палетках разгарнуліся вясенне-палявыя работы.

Карэспандэнт раённай газеты 2 красавіка пабываў на палетках КУСГП «Ульскі» і ўпэўніўся ў гэтым. За вёскай Пабеда ў комплексе працавала тэхніка: Андрэй Жылінскі раскідваў мінеральныя ўгнаенні, Генадзь Козік рыхтаваў глебу на дыскатары, а следам ехаў Валянцін Высоцкі на трактары з пасяўным шасцімятровым агрэгатам.

– У сакавіку я падвозіў зерне на МТЗ-1221, а зараз вытворчая неабходнасць прымусіла змяніць тэхніку, – усміхаецца Валянцін. – А ўвогуле маю стаж сяўбы 18 гадоў. Ведаю гэту лічбу дакладна, бо пачаў працаваць з сеялкай у год нараджэння сына. За дзень рэальна засяваць да трыццаці гектараў аўсу.

Пакуль размаўлялі, да краю поля пад’ехаў Генадзь Козік. Расказаў, што тэхніка па полі ідзе добра – зямля мяккая, падатлівая. Генадзь не адстае ад напарніка па тэмпах, бо ад яго работы залежыць і работа сеяльшчыка.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Касцюкоў, які па некалькі разоў за дзень прыязджае на сяўбу, расказаў, што з восені засеялі 700 гектараў азімых і не прагадалі – узышлі добра, радуюць зялёнай густой рунню. Зерневых і зернебабовых плануюць засеяць 330 гектараў. Ужо ва ўрочышчах Убоіна, Чэрчыцы, Шодзікі авёс лёг у глебу больш як на 200 гектарах. Тэхнікі “Ульскаму” для работы хапае, механізатараў – таксама.

 КАМЕНТАРЫЙ  СПЕЦЫЯЛІСТА

Раман ПРАСВЕТАЎ, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу:

– Асаблівасць сёлетняй пасяўной – раннія тэрміны. За апошнія дзесяць гадоў так рана (з сярэдзіны сакавіка) мы не пачыналі сеяць. Раёну пастаўлена задача засеяць 5500 гектараў яравых культур. На палетках будуць расці 1450 гектараў пшаніцы, 1264 га аўсу, 1080 га зернебабовых. Яшчэ будзем сеяць ячмень, кукурузу, грэчку, проса. Ва ўсіх гаспадарках раёна маюцца пасяўныя агрэгаты, работа вядзецца па плане і згодна з тэхналогіямі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *