Узяць дзяцей у сэрца і жыць іх жыццём
Сапраўдная сям’я вымяраецца не ступенню сваяцтва, а ўменнем падтрымаць у складаную хвіліну і гатоўнасцю адкрыць сваё сэрца. Менавіта па такіх законах дабрыні і спагады шмат гадоў жыве прыёмная сям’я Таццяны і Мікалая Якаўлевых з Обалі.
Карэспандэнт раённай газеты разам з загадчыкам аддзялення па асноўнай дзейнасці СПЦ Людмілай Грузневіч пабывала нядаўна ў Якаўлевых, якія расказалі нам пра сваю сям’ю.
У 2012 годзе Таццяна Міхайлаўна і Мікалай Міхайлавіч прынялі сур’ёзнае і адказнае рашэнне – узялі ў сям’ю брата і сястру Соню і Ілью Мініных. Трое родных сыноў Якаўлевых, пяцёра ўнукаў не былі супраць таго, каб бацькоўскі дом напоўніўся новымі галасамі – наадварот, шчыра падтрымалі і сталі для прыёмных дзяцей надзейнай апорай. Пасля Мініных Якаўлевы выхавалі Ангеліну Іванову. Адзначым, што гэтыя дзеці, будучы ўжо дарослымі, трымаюць сувязь з Таццянай Міхайлаўнай і Мікалаем Міхайлавічам.
Зараз у сям’і падрастае новая змена: Андрэй Гушча жыве тут ужо больш года, а Міхаіла Трутнева Якаўлевы ўзялі ў сям’ю зусім нядаўна. Хлопцаў з прыёмнымі бацькамі сустрэлі на дачы, дзе сям’я Якаўлевых любіць адпачываць. Андрэй любіць частавацца яблыкамі, а Міхаіл – суніцамі і буякамі. Абодва не супраць дапамагчы на агародзе. Напрыклад, насілі з градак цыбулю, за пераборкай якой мы і заспелі сям’ю. Праца для дзяцей – не прымус, а праява клопату адзін пра аднаго. Якаўлевы ўпэўнены, што працоўнае выхаванне дзецям заўсёды толькі на карысць.
Андрэй закончыў дзевяць класаў і паступіў вучыцца на повара і тынкоўшчыка ў Ульскі каледж. На пытанне, якія стравы хоча навучыцца гатаваць, кажа: «Бульбу па-каралеўску, рагу з гародніны, падліву для макароны, пірагі і розныя мясныя стравы. Такія, як гатуе Таццяна Міхайлаўна». Трэцякласнік Міша яшчэ не вызначыўся з прафесіяй, але кажа, што падабаюцца ратавальнікі. Прыкладам з’яўляецца Андрэй, сына Якаўлевых, які працуе вадзіцелем у пажарным аварыйна-выратавальным атрадзе ААТ «с6».
Самае дарагое для Якаўлевых – шчаслівыя вочы дзяцей, шчырыя ўсмешкі і цёплыя абдымкі. Прыёмныя бацькі кажуць, што сям’я – гэта штодзённая праца, кампрамісы. Гісторыя Таццяны і Мікалая Якаўлевых – прыклад таго, як чалавечая чуласць і гатоўнасць дзяліцца бацькоўскім цяплом здольныя змяніць дзіцячыя лёсы, падарыць дзецям сапраўдны дом і навучыць самастойна крочыць па жыцці. Адзначым, што нядаўна Таццяна Якаўлева за выхаванне дзяцей была ўзнагароджана Ганаровай граматай аддзела па адукацыі райвыканкама.
Ларыса КІСЯЛЁВА.

