
Месца сілы, памяці і любові
Канец жніўня для жыхароў аграгарадка Крывое Сяло стаў асабліва цёплым і святочным. Тут прайшло свята населенага пункта, якое сабрала разам некалькі пакаленняў вяскоўцаў.
Павіншаваць жыхароў аграгарадка прыехаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. Ён падзякаваў за любоў да роднага краю і адзначыў, што для многіх вёска застаецца месцам сілы і памяці.

Шчырыя пажаданні прысутным адрасаваў старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Віктар Калыхан. Ён падзякаваў вяскоўцам за іх клопат пра родны край.

Вядучыя і арганізатары мерапрыемства – работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі і аддзела нестацыянарнага абслугоўвання РЦК – не толькі весялілі шчырымі песнямі, але і расказалі пра гісторыю вёскі. У сярэдзіне 19 стагоддзя тут было 20 двароў і царква. Называлася сяло коратка – Крывое. Тут праходзілі дзве важныя дарогі: паштовая (з Масквы праз Віцебск на Лепель, Мінск і Варшаву) і гандлёвая (з Бешанковіч у Крывое, Міхалоўшчыну і Сіроціна). Гісторыя Крывога Сяла непарыўна звязана з фальваркам Міткавічы, які ў 19 стагоддзі належаў памешчыку Чупіхіну.

Свята стала цудоўнай нагодай успомніць старонкі гісторыі і выказаць удзячнасць тым, хто падарыў нам мір. Хвілінай гонару і смутку стаў успамін пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Віталі ветэранаў працы, тых, хто зараз шчыруе ў сельскай гаспадарцы. Пад гучныя апладысменты віншавалі жнівеньскіх імяніннікаў і юбіляраў – Любоў Антосік, Ніну Смолікаву, Юрыя Лапо, Мікіту Несцярэнку, сямейныя пары-юбіляры – Леаніда і Алену Каваленкаў, Уладзіміра і Галіну Несцярэнкаў, старажылаў Іну Літвінаву і Марыю Аўсянка.
Сапраўдным упрыгожваннем свята сталі творчыя і кулінарныя спаборніцтвы. У кулінарным паядынку «Бітва пірагоў» гаспадыні парадавалі ўсіх духмянай і смачнай выпечкай. Журы адзінагалосна вызначыла лепшыя выпечкі Алены Лазоўскай і Ніны Смолікавай.
У конкурсе букетаў былі ўзнагароджаны Іна Пруднікава і Вольга Куксіна.
Адзначылі на свяце і дбайных гаспадароў, якія ствараюць прыгажосць на падворках – Галіну Пяшко, Тамару Зайцаву, Маю Масько, Рыму Байкову, Алу Русакову.
Музычныя нумары, шчырыя ўсмешкі і душэўныя размовы стварылі непаўторную атмасферу вясковага свята, якое надоўга застанецца ў памяці жыхароў аграгарадка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.








